Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: 1945 - Дожинки

Бібліятэкі Кобрыншчыны

Звесткі аб існаванні грамадскай бібліятэкі ў Кобрыне адносяцца да пачатку XX ст., аднак невядома, каму яна належала, які быў яе фонд і склад чытачоў. Яна праіснавала да жніўня 1915 г., калі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў час 1-й сусветнай вайны большасць насельніцтва была эвакуіравана ў глыб Расіі. У час германскай акупацыі і ў першыя гады пад уладай Польшчы аматары чытання карысталіся за адпаведную плату невялікай бібліятэчкай уладальніка кніжнага магазіна Абрамовіча, на складзе якога было шмат рускай літаратуры. Але ў сувязі з тым, што бібліятэка дзейнічала, пасутнасці, на паўлегальным становішчы, у пачатку 1920-х гадоў яна была закрыта польскай адміністрацыяй.

У 1921 г. узнікла першая польская бібліятэка пры клубе «Адраджэнне», якая абслугоўвала толькі 35 падпісчыкаў. Яе кніжны фонд складаўся з 940 кніг і брашур. У 1934 г. была арганізавана бібліятэка пры павятовым паліцэйскім упраўленні, у якой налічвалася 760 кніг. Найболып папулярнай лічылася бібліятэка польскага школьнага таварыства, якая ўзнікла ў 1925 г. Яна мела 1370 кніг і брашур і 308 чытачоў. Існавала таксама бібліятэка пры яўрэйскім культурна-асветным таварыстве імя Брэнера. У 1928 г. групай рускіх інтэлігентаў была арганізавана руская бібліятэка з кніжным фондам 750 экзэмпляраў.

Асобна трэба сказаць аб рабочай прафсаюзнай бібліятэцы, якая некалькі разоў адкрывалася і закрывалася. Яна дзейнічала цалкам на добраахвотнай аснове, нават літаратура набывалася на ахвяраваныя грошы. Яе кніжны фонд размяшчаўся ў адной невялікай шафе, што аблягчала частыя пераезды, бо пастаяннага памяшкання не было. Каб застрашыць асоб, што адказвалі за лаяльнасць бібліятэкі, на яе часта рабілі набегі паліцэйскія, якія пільна правяралі літаратуру і спісы чытачоў.

Не лепш ішлі справы ў сельскай мясцовасці. У вёсцы Гарадзец пры касцёле была бібліятэка са спецыфічнай літаратурай (660 экзэмпляраў), якую чыталі 89 чалавек. У Дзівінскай яўрэйскай бібліятэцы было 560 кніг і 43 чытачы. У бібліятэцы пры сельскагаспадарчым гуртку ў Ілаўску было 72 кнігі, у вёсцы Запруды — 45 кніг.

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 г. было прынята рашэнне аб адкрыцці гарадской бібліятэкі, якая размяшчалася ў невялікім драўляным доме па вуліцы Суворава. Сюды былі звезены кнігі і абсталяванне з усіх нацыяналізаваных бібліятэк, сталі паступаць пасылкі з усходніх раёнаў рэспублікі. Была нават адкрыта невялікая чытальная зала. Да лета 1941 г. кніжны фонд налічваў 14 тыс. экзэмпляраў. За гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты расстралялі 4 супрацоўнікаў установы, разрабавалі кніжны фонд, у бібліятэцы працаваў адзін работнік, а літаратура была толькі на польскай мове.

Пасля вызвалення Кобрына ад фашысцкіх захопнікаў ужо 22 ліпеня 1944 г. на нарадзе актыву ў райкоме партыі А.М.Мартынаву было даручана ў найкарацейшы тэрмін аднавіць работу бібліятэкі. Яна размясцілася ў мураваным будынку па вуліцы Савецкай. У памяшканні былой кніжнай крамы было знойдзена шмат разнастайнай літаратуры, якую захопнікі не паспелі вывезці з горада. За гады, што мінулі пасля вайны, павялічылася колькасць бібліятэк, значна вырас іх кніжны фонд і колькасць чытачоў. 3 1960 г. Кобрынскую бібліятэку

ўзначальвала В.Д.Касько. У бібліятэцы было 3 аддзелы: абслугоўвання (6 чалавек), апрацоўкі і камплектавання літаратуры (7 чалавек), методыка-бібліяграфічны (4 чалавекі). У 1978 г. бібліятэчная сетка раёна перайшла на цэнтралізаваную сістэму абслугоўвання, якая аб'яднала 62 бібліятэкі з кніжным фондам 680 тыс. экзэмпляраў.

У маі 1980 г. у адным з будынкаў па вуліцы Жданава пачала працаваць новая цэнтральная раённая бібліятэка. У 1980-я гады бібліятэкі сталі надаваць больш увагі індывідуальнай рабоце з чытачамі. На прадпрыемствах горада, на вытворчых участках, у калгасах арганізоўваліся выстаўкі-агляды новых паступленняў, тэматычныя агляды літаратуры, Дні спецыяліста, Дні інфармацыі і іншыя мерапрыемствы. Пры цэнтральнай раённай бібліятэцы была створана літаратурна-паэтычная група «Рытм», члены якой выступалі ў маладзёжных аўдыторыях, на вытворчых участках, у вучылішчах з самай разнастайнай тэматыкай. Дзейнічае таксама прафесійны клуб краязнаўчага напрамку «Бацькаўшчына», які аб'ядноўвае ўсіх бібліятэкараў раёна. На яго пасяджэннях члены клуба знаёмяцца з гісторыяй роднага краю, сустракаюцца з народнымі ўмельцамі, заслужанымі людзьмі.

3 1995 г. бібліятэку ўзначальвае М.В.Іванова. У практыку работы бібліятэкі ўкараняюцца такія формы прапаганды кнігі, як гадзіны і вечары беларускага фальклору, гадзіны карысных парад і цікавых паведамленняў, дні перыядычнага друку, урокі краязнаўства, бібліятэчныя вячоркі. Работнікі бібліятэкі супрацоўнічаюць з мясцовым друкам, радыёвяшчаннем, у прыватнасці, выступаюць па мясцовым радыё з нарысамі пра знакамітых жыхароў раёна ў цыкле перадач «Шануем нашых землякоў».

Сёння да паслуг жыхароў горада і раёна прапаноўваецца адзіны кніжны фонд, які складае больш за 100 тыс. экзэмпляраў кніг, часопісаў і іншай друкаванай прадукцыі, бібліятэкі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы абслугоўваюць 35,7 тыс. чытачоў. Цэнтральная раённая бібліятэка абслугоўвае больш за 6 тыс. чытачоў, мае больш за 100 тыс. адзінак кніжнага фонду.

М.В.Іванова