Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Архитектура Кобринщины

Грамадзянскае i паркавае будаўніцтва

З глыбокай старажытнасці вялося феадальнае свецкае будаўніцтва. У тым месцы, дзе р. Кобрынка ўпадае ў Мухавец, з XIV ст. узвышаліся муры і вежы Верхняга («Высокага») і Ніжняга («Прыгародак») Кобрынскіх замкаў. Канчаткова яны былі знішчаны ў 1840-я гады пры будаўніцтве шашы Масква — Варшава (завершана ў 1846 г.), якая прайшла праз гарадскі цэнтр. На планіроўку горада значна паўплывала пракладка па яго паўночнай ускраше ў пачатку 1880-х гадоў чыгункі. Але яшчэ і цяпер бачны даволі выразны след рова, які апяразваў абарончыя ўмацаванні.

У 1655 г. горад спалілі шведскія войскі, у 1711 г. большая частка гарадской забудовы моцна пацярпела ад пажару. У вайну 1812 г. з агульнай колькасці 630 дамоў было знішчана 548. У сувязі з гэтым у 1-й палове XIX ст. для аднаўлення жылой гарадской забудовы мясцовымі дойлідамі была распрацавана серыя праектаў жылых дамоў розных тыпаў (у асноўным драўляных, але атынкаваных). Вялікія страты гораду і Кобрынскаму павету нанесла 1-я сусветная вайна, якая зруйнавала больш за 20 тыс. будынкаў.

У Кобрыне быў вялікі комплекс шпіталя (адлюстраваны на малюнку Н. Орды ў 1866 г.). Ен складаўся з 2 мураваных 2-павярховых карпусоў, накрытых вальмавымі гонтавымі дахамі. П-падобны і прамавугольны ў плане карпусы аб'ядноўваліся кароткім і нізкім пераходам. Архітэктура будынкаў мела барочны характар, плоскасныя фасады крапаваліся пілястрамі.

Малюнак Кобрынскага  шпіталя. Н. Орда, 1866 г.

3 канца XVIII ст. горад забудоўваецца цаглянымі дамамі з майстэрнямі і крамамі. Значнае горадабудаўнічае развіццё атрымлівае гандлёвая плошча (сучасная Свабоды), на якой мясціліся гандлёвыя рады. Ансамбль прамавугольнай плошчы фарміравала перыметральная мураваная забудова жылымі і грамадскімі будынкамі, гандлёвымі радамі і гасціным дваром у цэнтры. У 1920-я гады плошча значна перабудавана.

На плане Кобрына 1798 г. адзначаны цагляны дом (цяпер тут аптэка № 1), размешчаны на рагу плошчы Свабоды (да 1939 г. Рыначная) і вуліцы Першамайскай (да 1939 Пінская, 3 Мая). 2-павярховы дом няправільнай прамавугольнай формы першапачаткова быў узняты на высокі цокаль. Перабудаваны ў 1920-я і 1950-я гады (надбудаваны франтон, які імітаваны пад 3-і паверх).

Будынак аптэкi.  1980-я гады.

Франтальны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі, вуглавымі і прасценачнымі лапаткамі. Аналагічны па архітэктурным вырашэнні дом № 7 таксама выходзіць на плошчу тарцовым 2-павярховым атынкавым фасадам. Суцэльны фрагмент характэрнай шчыльнай забудовы плошчы ўяўляюць сабой дамы № 15, 17 і 19 (вуліца Леніна). Іх тарцовыя разнастайныя па сціплай пластыцы фасады з 3-вугольнымі франтонамі ўтвараюць рытмічны рад забудовы і адначасова надаюць ёй маляўнічы выгляд.

Старая забудова вулiцы Ленiна. 1980-я гады.

Прыкладам гарадской жылой забудовы ў стылі мадэрн з'яўляецца дом № 6 на вуліцы Савецкай. Пабудаваны ў 1910 — 1920-я гады з цэглы. 2-павярховы аб'ём пад 2-схільным дахам, вулічны плоскасны фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі з характэрнымі для стылю пластычнымі і грувасткімі ліштвамі з эліптычнымі перамычкамі. У 1920-я гады тут была явачная кватэра КПЗБ (у 1979 г. устаноўлена мемарыяльная дошка).

Будынак гандлёвых радоў узведзены ў 1920-я гады з цэглы на месцы драўляных крам. Уяўляе сабой выцягнутае па фронце П-падобнае ў плане 1 -павярховае збудавание з вялікім унутраным дваром і далучанай 2-павярховай гасцініцай (знесены ў 1974 г.).

Сіметрычна-восевую франтальную кампазіцыю падкрэсліваюць 2 рызаліты з 3-вугольнымі франтонамі і арачнымі нішамі (былыя ўезды ў двор), якія ажыўляюць манатонны рытм прамавугольных акон. Вуглы карпусоў умацаваны контрфорсамі. Ад помніка захаваліся паўночнае, усходняе і часткова заходняе крылы.

Захаваўся ў Кобрыне 1-павярховы будынак паштовай станцыі (канец вуліцы Савецкай, 106; да 1939 г. Брэсдкая, Легіёнаў, Перацкага), якіх шмат было раскідана ўздоўж шашы Масква — Варшава. Пабудавана станцыя ў 1846 г. паводле «ўзорнаг а» праекта ў стылі позняга класіцызму. Складаецца з двух 1-павярховых прамавугольных у плане аб'яднаных праезнай аркай карпусоў: станцыйнага дома і 2 бакавых флігеляў, якія ўтваралі ўнутраны гаспадарчы двор. У 1882 г. будынак быў прыстасаваны пад вайсковы шпіталь, затым да 1970-х гадоў тут размяшчалася бальніца. У 1981 г. карпусы аб'яднаны калідорамі ў адзіную франтальную архітэктурную кампазіцыю і прыстасаваны пад навучальную ўстанову (міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат).

Парк імя А.В.Суворава належыць да старэйшых на Беларусі. У 1766 г. Кобрын быў пазбаўлены гарадскога самакіравання і ператвораны ў звычайнае землеўласніцкае паселішча пад назвай Кобрынскі Ключ Брэсцкай эканоміі. У 1768 г. за 1 км на поўдзень ад Кобрына па загадзе падскарбія надворнага літоўскага А.Тызенгаўза закладзены адміністрацыйны маёнтак, названы «Губерняй» («Ключ Кобрынскі»). Тут знаходзілася кіраўніцтва Кобрынскага Ключа. Маёнтак быў падараваны Кацярынай II у 1795 г. расійскаму палкаводцу А.В.Сувораву. У 1808 г. яго сын Аркадзь прадаў цэнтральную частку з паркам і сядзібным домам маёру Г.Гельвігу. Нашчадкамі апошняга Шацільскімі ў 1858 г. «Губерня» была прададзена прафесару грамадзянскага права Аляксандру Міцкевічу, малодшаму брату паэта Адама Міцкевіча. Потым маёнтак перашоў да Л.А.Зялінскага, жанатага з М.А.Скваронскай - швагеркай Аляксандра Міцкевіча.

Сажалка ў парку. 2013 г.

Меркаваць пра першапачатковы выгляд маёнтка цяжка, паколькі кожны з яго ўладальнікаў уносіў нейкія свае змены. Аднак агульная кампазіцыйная структура існавала без каранных пераробак. Сядзібны дом размяшчаўся за партэрам у глыбіні парку (плошча 3 — 4 га) на яго планіровачнай восі. Паводле распараджэння Суворава была праведзена частковая перапланіроўка парку (ссечаны састарэлыя таполі ўязной алеі), службовыя пабудовы вынесены за яго межы, а непадалёку ад дома пастаўлена невялікая капліца. 3 XVIII ст. парк быў абкружаны валам і ровам, па цэнтры высаджаны пладовы сад і выкапана невялікая прамавугольная сажалка. Ад дома адкрываўся краявід на вадаём з выспай на заходнім беразе. Парк быў акаймаваны каналам, злучаным з каналам Боны, які адводзіў ваду ў р. Мухавец. В.А.Аляксееў, які добра ведаў жыццё і дзейнасць Суворава, у 1905 г. азнаёміўся з сядзібай і адзначыў: «...невялікі, абнесены рэдзенькім частаколам англійскі сад — дзесяціны 1,5... што акаймоўваўся валам, ровам і пладовымі садамі».

Драўляны дом-сядзіба А.В.Суворава ўзведзены ў 1790-я гады, разабраны з-за струхлеласці ў 1894 г. Новапабудаваны дом згарэў у час бою ў 1939 г. На месцы сядзібнага дома ў 1950 г. устаноўлены бронзавы бюст Суворава работы скульптара I. М. Рукавішнікава. Тэрыторыя парку добраўпарадкавана кветкавымі клумбамі, бакавымі пасадкамі дрэў і кустоў. Відазменены на працягу XIX ст. ён захоўвае характэрную для рэгулярных паркаў XVIII ст. сіметрычна-восевую разбіўку на раўнінным участку выцягнутай прамавугольнай формы (асноўная планіровачная вось зарыентавана ў напрамку поўнач — поўдзень). Верагодна, парк меў баскетную структуру з дрэў і кустоў.

Дом-сядзіба А.В.Суворава. 1990-я гады

У 1948 г. былі праведзены работы па ўпарадкаванні парку з захаваннем прынцыпу рэгулярнай планіроўкі. 3 паўночнага боку ў парк вядзе шырокая (да 10 м) пад'язная ліпавая алея, закладзеная пасля 1905 г. на месцы папярэдняй, высаджанай таполяй чорнай пірамідальнай. Яе працягам з'яўляецца цэнтральная паркавая алея (працяг вуліцы Суворава; раней была аформлена ў выглядзе грабавай шпалеры з лінейнай абсадкай з елкі), якая завершана невялікім вадаёмам. Дзве сіметрычныя цэнтральнай і папярочныя алеі ствараюць сістэму прамавугольных баскетаў (16 розных па памерах). Некаторыя баскеты па дыяганалі перарэзаны лінейнымі пасадкамі ліпы, клёна вастралістага. На газонах высаджаны адзінкавыя ці ў выглядзе невялікіх груп бяроза, клён ясенялісты, таполя канадская, клён вастралісты, граб. Значна відазменены апошнія 2 баскеты перад парадным партэрам з традыцыйным кругам. Сіметрычна дому ў баскетах раслі 2 ліпы. Адна з іх захавалася, ёй болып за 200 гадоў.

Летні тэатр у парку. 2006 г.

Вакол гістарычнай часткі парку (на плошчы каля 70 га) сфарміраваны новы парк культуры і адпачынку з элементамі рэгулярнай і пейзажнай планіроўкі, вялікім вадаёмам з 2 астравамі і мысам, які служыць агляднай пляцоўкай. Вадаём злучаны са старым каналам, з двух бакоў якога закладзены насаджэнні дуба чырвонага, бярозы, ліпы. Парк налічвае больш за 70 найменняў дрэў-кустоў. Тут працуюць павільёны, ёсць лебедзі, вальер з паўлінамі, у сажалках водзіцца андатра. Вакол бюста Суворава разбіта кветкавая клумба, акаймаваная з абодвух бакоў невялікімі дрэвавымі групамі з елкі калючай, кіпарысавіка, абляпіхі, туі заходняй, воцатнага дрэва. Парк знаходзіцца ў добрым стане, з'яўляецца помнікам прыроды. Вялікі ўклад у захаванасць, добраўпарадкаванне зрабілі яго дырэктары: В.І.Харытанюк, М.М.Вымаркаў, Н.Р. Дземянчук. У 1983 г. парк узнагароджаны сярэбраным і залатым медалямi ВДНГ СССР.

Мемарыяльнае значэнне мае сядзібна-паркавы комплекс у в. Грушава. Ён захаваўся ў добрым стане. 3 сядзібай звязаны падзеі паўстання 1863 — 1864 гг. Тут доўгія гады ў (1881 — 1939) жыла і працавала польская пісьменніца Марыя Радзевіч.

Сядзібна-паркавы комплекс у в. Грушава

Ансамбль сядзібы складаўся з панскага дома, флігеля, стайні, шэрагу гаспадарчых пабудоў, размешчаных у парку эканамічнага тыпу — абсаджаная ліпавымі шпалерамі тэрыторыя з пладовым садам і агародам унутры. У парку была ўзведзена мураваная капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, будаўніцтва якой фундавалі ў XIX ст. Радзевічы. Існавала таксама «зялёная» альтанка ў выглядзе высаджаных кругам дубоў.

Сядзібны дом уяўляў падоўжаны прамавугольны 2-павярховы (застаўся адзін паверх) мураваны будынак пад паўвальмавым дахам. Па цэнтры франтальнага 9-восевага фасада быў пастаўлены 4-калонны тасканскі порцік з шырокім 3-вугольным франтонам (не захаваўся). Фасад рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі з дэкаратыўнымі франтончыкамі і разеткамі, апяразаны карнізам на сухарыках. У 1960-я гады сядзібу прыстасавалі пад машынна-трактарную станцыю, потым тут размяшчаўся рамонтна-механічны завод.

Фрагменты сядзібнага парку захаваліся ў вёсках Літвінкі, Паляцічы, фрагменты сядзіб у вёсках Дзевяткі, Запруды. У в. Балоты збярогся вятрак, які з'яўляецца творам народнага драўлянага дойлідства.


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину