Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Интересные статьи

Рамуальд Траўгут на Кобрыншчыне

У бягучым годзе спаўняецца 150 год нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863-64 гг. На Беларусі гэта падзея вядома як паўстанне Кастуся Каліноўскага. Многія ўдзельнікі і кіраўнікі паўстання былі звязаны з землямі сучаснай Беларусі.

Напрыклад, на Кобрыншчыне пачаўся шлях генерала паўстанцкіх войскаў дыктатара ў Варшаве Рамуальда Траўгута. Gloria victis (Слава переможаным) – так назвала серыю апавяданняў пра паўстанцаў 1863 года Эліза Ажэшка. У цэнтры іх – постаць Рамуальда Траўгута. Род Траўгутаў (Traugutt) паходзіць з Саксоніі. У Рэчы Паспалітай Траўгуты атабарыліся ў першай палове ХVІІІ стагоддзя. Дзед Рамуальда, Якуб Траўгут, стаў пяхотным капітанам, у час паўстання 1794 года атрымаў асабістую падзяку ад Тадэвуша Касцюшкі.

Бацька, Людвік Траўгут, быў незаможным шляхціцам і арандаваў маёнтак Шастакова (Камянецкі раён), дзе 28 студзеня 1826 года нарадзіўся Рамуальд. Маці яго, Алаіза, паходзіла з роду Блоцкіх, гэта, напэўна, было адгалінаванне старажытнай кобрынскай фаміліі Снежка-Блоцкіх, якім належаў маёнтак Балата (цяпер Кісялёвіцкі сельсавет Кобрынскага раёна).


Cустрэча ў Божым Дары. Нашчадкі Траўгута і Мітрашэўскага
 

З сярэбраным медалём Р. Траўгут у 1842 годзе скончыў Свіслацкую гімназію, але не змог паступіць у інжэнерную акадэмію (Пецярбург), таму пайшоў служыць у Трэці сапёрны батальён, які размяшчаўся ў Жэлехаве, каля Варшавы. За час службы атрымаў чын падпаручыка, карыстаўся даверам саслужыўцаў, быў нават абраны батальённым казначэем.

У сувязі са смерцю бацькі ў лютым 1849 года Рамуальд быў на 28 дзён выкліканы з венгерскага тэатра ваенных дзеянняў па хадайніцтву пружанскага павятовага маршалка.

У 1852 годзе Рамуальд ажаніўся з дачкой варшаўскага ювеліра Ганнай Пікель, якая нарадзіла дзве – дачкі Ганну (1853) і Алаізу (1857). Маладой дапамагала бабуля Рамуальда па мацярынскай лініі – Юстына Блоцкая (Шуйская).

З 1853 па 1855 год Р. Траўгут зноў адправіўся на вайну.

З 1855 года Рамуальд служыў у Харкаве. А пасля пераводу ў корпус ваенных інжынераў (С.-Пецярбург), заняўся навукай. Ён узначаліў адзін з аддзелаў электрамагнетычнай часці, наведваў ва ўніверсітэце лекцыі прафесараў Ходнева і Ленца, праводзіў цэлыя дні ў бібліятэках. Р. Траўгут канструяваў прыборы, якія выклікаюць на адлегласці ўзрывы марскіх і наземных мін, але, на жаль, яго вопыты не вызвалі інтарэсу ў вышэйшых марскіх чыноў імперыі.

1859 год прынёс для Траўгута ўдары лёсу – памерлі двое малалетніх блізнят, за імі сышла ў магілу бабка Юстына, а ў снежні – і жонка Ганна. У лютым 1860 года памёр брат бабкі Юстыны, Віталіс Шуйскі, які меў маёнтак Востраў у Кобрынскім павеце (зараз Маларыцкі раён). Рамуальд Траўгут выехаў у Кобрын для вырашэння справы спадчыны, бо ён быў не адзіным спадчыннікам. Напэўна, у Кобрыне ён пазнаёміўся са сваёй другой жонкай, Антанінай Касцюшка, траюраднай пляменніцай Тадэвуша Касцюшкі. Яе вельмі палюбілі дочкі Траўгута.

Калі Рамуальд уступіў у валоданне спадчынай Шуйскага, уся сям’я пераехала ў маёнтак Востраў. 14 ліпеня 1862 года Траўгута зволілі з расійскай арміі па хваробе, у чыне падпалкоўніка. Трэба адзначыць, што ён працягваў займацца навукай. У адным з памяшканняў яго дома ў Востраве была ўладкавана фізічная лабараторыя з чатырма электрычнымі машынамі найноўшых узораў, там ён спрабаваў атрымаць вялікую напругу электрычнасці. Таксама ён падтрымліваў перапіску з вядомым нямецкім вучоным Вільгельмам Хольтам.

Але яго мірнае жыццё зноў было перарвана. На вялікай тэрыторыі Беларусі паўстанцкая арганізацыя рыхтавалася да ўзброенага выступлення ў красавіку.

Пазней Рамуальд Траугут заявіў: «Я нікому не раіў падымаць паўстанне, наадварот, як былы вайсковец, я бачыў усю складанасць барацьбы без арміі і ўзбраення з дзяржавай, якая вядома сваёй ваеннай магутнасцю. Калі ўзброенае паўстанне павінна было ўспыхнуць у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні, дзе я жыў, за некалькі дзён да пачатку паўстання да мяне звярнуліся з просьбай прыняць камандаванне.

Разгубіўшыся, я апісаў усе перашкоды як агульнага, так і асабістага парадку, і рэкамендаваў адмяніць рашэнне аб пачатку паўстання. Высветлілася, што зрабіць гэта ужо проста немагчыма. Тады я прыняў іх просьбу…» Палічыў неабходным не берагчы сябе там, дзе астатнія ахвяруюць усім.

Хачу прывесці словы беларускага даследчыка Віктара Хурсіка: «Асабліва спрэчнай выглядае «афарбоўка» паўстанцаў у белы і чырвоны колер. Усіх беларускіх памешчыкаў прынята адносіць да «белых», якія раўнадушна назіралі за тым, што адбывалася. Аднак дакументы сведчаць аб іншым: многія памешчыкі сапраўды выказвалі засцярогу, не ішлі на адкрытае выступленне, стрымлівалі ад гэтага сваіх родных і блізкіх. Але калі ўсё ж нехта трапляў у лес, то яго не цураліся і дапамагалі як маглі… Зрэшты, дзяцей так званых «белых» у лясах была большасць (у дзеючых атрадах «сялянскага» паўстання яны складалі 75%, у той час як сялян было ўсяго 18%). Як сказаў калісьці Уладзімір Калеснік: «А вось у былыя гады, калі складалі жыція святых, арыстакратычнае паходжанне мучаніка шло яму ў залік. Так і павінна быць. Цяжэй ахвяраваць сабой таму, каму ёсць што губляць».

Недзе ў красавіку 1863 года на тайным зборы ў маёнтку Мітрашэўскіх Божы Дар (зараз Буховіцкі сельсавет Кобрынскага раёна) Рамуальд Траўгут прысягнуў на вернасць паўстанню і прыняў камандаванне Кобрынскім атрадам. Леанід Несцярчук запісаў апавяданне жыхаркі хутара Божы Дар пра знаходку ў 1970-х гадах куфэрка з узнагародамі і паперамі на польскай мове. Магчыма, гэта былі дакументы таго тайнага збору. На жаль, нічога з гэтага кладу не захавалася.

Пасля пачатку паўстання, у красавіку 1863, Траўгут сфарміраваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў баях каля в. Боркі (цяпер Астроміцкі сельсавет Кобрынскага раёна) тройчы нанёс паражэнне расійскім карным часцям. У чэрвені 1863-га з Брэсцкім атрадам Я. Ваньковіча зрабіў рэйд па Піншчыне і Паўночнай Валыні, але атрад Р. Траўгута панёс значныя страты, і ў ліпені 1863-га з дапамогай Э. Ажэшкі Р. Траўгут таемна выехаў у Варшаву. Атрымаў чын генерала, быў прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. У кастрычніку 1863 года кіраўнік Нацыянальнага ўраду ў Варшаве і фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў дзеля пашырэння яго сацыяльнай базы, надання яму новага размаху, рэарганізацыі ўзброеных сіл інсургентаў. Арыштаваны 30 сакавіка 1864 года. Паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Пасля пакарання смерцю Р. Траўгута яго маёнтак Востраў быў спалены.

Некаторыя польскія даследчыкі лічаць, што Траўгуту належаў у Кобрыне дом, у якім зараз месціцца Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворова. У выданнях «Палессе. Фотаздымкі з дваццатых і трыццатых гадоў» і «Polesie» размешчаны фотаздымак будынка, падобнага да дома-музея, з подпісам, што гэта дом, які належаў Рамуальду Траўгуту. Як сведчаць крыніцы, перад атрыманнем у спадчыну Вострава Траўгут жыў у доме ў Клапоцыне – зараз гэта вул. Піянерская ў Кобрыне, там жа жыла і Антаніна з дзецьмі пасля знішчэння маёнтка. Як лічыць А. Цвыд, «чуткі аб кобрынскім доме Траўгута безпадстаўныя і, напэўна, звязаныя з тым, што праз восем год пасля гібелі мужа ў былой сядзібе А. Суворава – Губерніі пасялілася ўдава Траўгута. Яна выйшла замуж за сына гаспадара маёнтка Аляксандра Міцкевіча – Францішка. У адным з пакояў гэтага дома быў усталяваны сваеасаблівы музей Траўгута, там жа захоўваліся яго лісты «з-пад шыбеніцы», апошнія лісты Рамуальда перад пакараннем.

Калі сям’я Траўгута пераязджала са спаленага Астроўя у Клапоцын, яго маленькі сын Рамуальд прастудзіўся і захварэў. І ўжо не адыйшоў. Пахавалі яго, па ўспамінах Алаізы Траўгут, каля фамільных магіл Пашкевічаў. Пазней там з’явіліся магілы Аляксандра і Францішка Міцкевічаў… На магіле Міцкевічаў узвелі помнік, які і захаваўся».

На гэтых старых могілках зной­дзена частка мармуровай пліты з выбітымі імёнамі:

ur w 1804 r + w 1871 r
Antoniny Kosciuszko
ur w 1806 r + w 1873 r
Tadeusza Kosciuszko
ur w 1833 r + w 1868 r
Romualda Traugutta
18


Яна ўсталявана зараз на паўночным баку касцёла ў Кобрыне.

А на старой частцы новых могілак Кобрына захаваўся магiльны склеп Касцюшкаў, дзе пахавана Антаніна з Касцюшкаў, Траўгутава, Міцкевічава.

«Хутка пасля пакарання смерцю бацькі і разарэння Астроўя ў Клапоцын з Брэст-Літоўска явіўся ўраднік з распараджэннем цара забраць ва ўдавы дзяцей Рамуальда і аддаць іх у інстытут шляхетных дзяўчат у Пецярбурзе…

Але Ганну і Алаізу тайна адправілі ў Варшаву, дзе з дапамогай патрыётаў яны раслі і выхоўваліся ў пансіянаце пад чужымі прозвішчамі. Затым па чарзе дзяўчаты займаліся ў інстытуце польскіх паннаў. Старэйшая, Ганна, хутка выйшла замуж за свайго кузэна Яна Рамуальда Корвін-Юшкевіча і пасялілася ў Белай – фальварку каля Бярозы-Картузскай, які належаў тады сястры Р. Траўгута.

Малодшая, Алаіза, пасля вучобы вярнулася ў Варшаву. Тут і жыла… У Кобрын, да маці і айчыма, прыязджала не раз».

Дзеці былі толькі ў старэйшай сястры, Ганны, – тры сыны, ніводнага яна не назвала імем Рамуальд – лічыла нешчаслівым. Старэйшы, Адам, загінуў у мундзіры рускай арміі ў Першую сусветную; малодшы, Баляслаў, – у верасні 1939-га; унук Ежы – у лагеры Асвенцым.

З Кобрынам імя Траўгута звязана яшчэ і тым, што тут у верасні 1939 года на беразе канала Бона прыняў бой 83-ы пяхотны полк імя Рамуальда Траўгута.

Рамуальд Траўгут жыў і змагаўся на Кобрыншчыне, адсюль паходзілі яго бабуля, маці і другая жонка, тут жылі яго дочкі.

Да 140-годдзя паўстання 1863-64 гадоў на хутары Божы Дар па рашэнню Кобрынскага райвыканкама з дапамогай мясцовых прадпрыемстваў 21 мая 2003 года быў устаноўлены валун з мемарыяльнай дошкай. Да Божага Дара таксама быў устаноўлены ўказальны знак з вёскі Ляскова. Сімвалічна, што праз 140 год ў Божым Дары 25 мая 2003 года сустрэліся нашчадак Р. Траўгута – палкоўнік Войска Польскага Анджэй Юшкевіч і нашчадак гаспадара Божага Дара ў 1863 годзе Яна Мітрашэўскага – Станіслаў.

Памятны знак у Божым Дары – першы помнік на ўшанаванне памяці ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гг. На тэрыторыі Беларусі помнік Р. Траўгуту быў устаноўлены ў 1928 г. у мястэчку Свіслач, адноўлены гэты помнік у 1989 годзе.


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Познай Кобрин