Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Духовная культура

Промыслы i рамёствы

Адным з даўніх заняткаў насельніцтва Кобрыншчыны быў выраб скур. Кліматычныя ўмовы вымагалі цёплай вопраткі і абутку, што спрыяла распаўсюджванню гэтага промыслу. Паводле статыстычных звестак, у 1863 г. у Кобрынскім павеце сяляне і мяшчане штогод выкарыстоўвалі да 50 тыс. вырабленых скур. Выраблялі іх 2 спосабамі. У першым выпадку размочаныя шкуры залілі — апускалі ў вадзяны раствор гашанай вапны ці пасыпалі сухім попелам, затым саскрабалі поўсць тупым дугападобным нажом з дзвюма ручкамі ці касой, чысцілі мяздру і потым мялі. Пры другім спосабе выкарыстоўвалі хлебнае квашэнне шкуры.

На Палессі былі развіты адыходныя промыслы, у т.л. і адыход на нарыхтоўку і сплаў лесу. Па матэрыялах Брэсцка-Кобрынскай эканоміі за 1780—1783 гг. лесаматэрыялы (бэлькі, клёпкі, дошкі), а таксама паташ у значнай колькасці дастаўляліся па Мухаўцы, Заходнім Бугу і Вісле ў Гданьск і Крулявец.

Важным быў таксама возніцкі промысел. Грузы перавозілі летам і зімой, але часцей зімой санным шляхам. Рамізнікі Кобрынскага павета былі вядомы ў Палескім рэгіёне і за яго межамі.

Архіўныя дакументы сведчаць, што да адкрыцця Брэсцка-Смаленскай чыгункі сяляне Кобрынскага павета ў зімовы вольны час накіроўваліся цэлымі чародамі ў г. Пінск і, нагрузіўшыся там бочкамі з садам ці тытунём, транспартавалі іх у Брэст (Берасце). Кожны рамізнік за перавозку 50 пудоў на 120 вёрстаў з Пінска да Брэста атрымліваў 4,5 — 5 руб.