Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Трагедия деревень Кобринщины

Памятаць заўсёды …     

22 верасня споўнілася 70 гадоў з дня трагедыі вёскі Барысаўка – дня, калі больш за 220 мірных жыхароў былі расстраляны, а вёска спалена фашыстамі.

Уноч з 22 на 23 верасня 1942 года карнікі накіраваліся з Дзівіна ў бок Барысаўкі. Па дарозе яны пілі самагон, спявалі песні, весяліліся. Прыехаўшы ў Барысаўку на світанні, нібыта на сход, пачалі выганяць усіх людзей з дамоў. Спачатку жыхары сядзелі на могілках, пасля была дадзена каманда сагнаць жанчын, дзяцей і старых у хлеў, які стаяў непадалёку. Мужчын жа павялі капаць вялікую яму - якая пасля стала для ўсіх адной магілай.

Затым мужчын тут жа і расстралялі. Надышла чарга тых, хто знаходзіўся ў хляве. Фашысты падводзілі да ямы людзей невялікімі групамі і расстрэльвалі, немаўлят забівалі ўдарам галавой аб зямлю.

Так былі знішчаны ўсе жыхары вёскі, акрамя адной жанчыны - Куліковіч Алены, якая з дзвюма жанчынамі з Дзівіна закапаліся ў саломе таго хлява, праляжалі так да вечара і засталіся жывымі. Алена Куліковіч і стала правобразам помніка Смуткуючай маці, які стаіць зараз якраз ля той самай агульнай магілы ў Барысаўцы.

На мерапрыемства, прысвечанае памяці трагедыі, сабралася шмат людзей. Прычым не толькі жыхароў Барысаўкі, але і Осы, Пералесся, Дзівіна. Тут былі людзі сталага ўзросту, моладзь, школьнікі. Словы смутку выказаў старшыня Осаўскага сельскага Савета Аляксандр Сергіевіч, гісторыю трагедыі нагадала мясцовая жыхарка, былы дырэктар Барысаўскай школы Вольга Сергіевіч, якая шмат займалася высвятленнем абставін трагедыі.

Да помніка былі ўскладзены кветкі ад прадстаўнікоў мясцовай улады, СВК “Дружба народаў”, прадстаўнікоў пагранічнага атрада. Прынеслі кветкі і простыя жыхары. Людзі запальвалі свечкі ў знак смутку і памяці.

Завяршылася мерапрыемства паніхідай па бязвінна забітых і зваротам свяшчэнніка да ўсіх сабраўшыхся. У сваёй прамове ён напомніў, што трэба памятаць пра мінулую трагедыю і ўвогуле пра вайну. Памятаць, каб не паўтарылася ўсё гэта. Каб жыць пад мірным небам.

Людміла Пашковіч

Пашковіч, Л. Памятаць заўсёды… / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. – 2012. – 29 верасня. – С. 2.
22 верасня споўнілася 70 гадоў з дня трагедыі вёскі Барысаўка.


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину