Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Мы – Перахрэсцкія …

Фашысты ўварваліся на хутар Перахрэсце раніцай чэрвеньскага дня. Стральбой з аўтаматаў разбудзілі сем’і. Распранутых, перапалоханых дарослых і дзяцей пагрузілі на падводы і павезлі ў бліжэйшую вёску Мелянкова...

Азірнуўшыся назад, бацькі ўбачылі слуп дыму, полымя, пачулі трэск чарапіцы... Гарэла ўсё, набытае за гады цяжкай працы: хаты, пчальнік, гаспадарчыя пабудовы... Жывёлу акупанты забралі раней.

А воз с сем’ямі майго бацькі і дзядзькі Якава набліжаўся да месца, выбранага акупантамі для расправы. Але яна не адбылася. Пасля цэлага дня стаяння пад прыцэламі аўтаматаў змучаныя ад невядомасці людзі пачулі словы нейкага важнага чына, які прыехаў з перакладчыкам: «Не страляць». Мая матуля ўсё жыццё лічыла, што дапамаглі яе малітва, звяртанне да іконы, якую паспела ўзяць з роднай хаты, Багародзіцы, у якой прасіла выратавання...

Жыць засталіся, але дзе? У вёсцы Мелянкова знайшліся добрыя людзі: далі прытулак, неслі ежу, адзенне, абутак. У нашага бацькі былі «залатыя» рукі. Сам мог зруб узвесці, сталярку зрабіць, мэблю і іншыя рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы. I з цягам часу паявіўся ў сям’і новы дом, дзе нарадзілася яшчэ двое дзяцей - сыны Аляксей і Сцяпан.

Няма бацькоў. Тата памёр у 1979 годзе. Ён не любіў успамінаць пра той жахлівы час, аб параненых партызанах, якія хаваліся ў нашай хаце, камандзіры атрада, які з жонкай знаходзіў тут прытулак. Як і аб людзях, што данеслі фашыстам. Мужны і сціплы быў чалавек. Мамы не стала ў 2000- м. Цяпер мы, старэйшыя, расказваем аб тым часе сваім дзецям і ўнукам.

А нядаўна я і мая сястра Раіса, якая вось ужо 50 гадоў жыве ў Мінску, са сваімі ўнукамі вырашылі пабываць у родных мясцінах. Вельмі захацелася перадаць часцінку мінулага нашчадкам. I вось Мелянкова. Са слязамі радасці і болю дакранаемся да яблынькі, якую пасадзіў бацька, да сцен хаты, пабудаванай пасля вайны. А раніцай 26 чэрвеня (менавіта ў чэрвені 1944 года знік у агні наш хутар) накіраваліся ў дарогу даўжынёй у 5 вёрст па беразе Арэхаўскага канала. Меліярацыйныя работы і час непазнавальна змянілі знаёмыя з дзяцінства месцы. Нашы сэрцы перапаўняліся хвапяваннем ад сустрэчы, а Стасік і Паўлік (які названы ў гонар дзеда) заварожана сачылі за чародкамі буслоў, шэрай чапляй, іншымі рэдкімі птушкамі. Мы ўпіваліся пахам чабору, зачароўваліся прыгажосцю белых і жоўтых гарлачыкаў на вадзе, як у дзяцінстве, напіліся вады з канала.

Нарэшце ўбачылі тое, што засталося ад моста, па якому вяскоўцы маглі прыйсці адзін аднаму на дапамогу пры ўзнікненні нейкіх абставін, ад былых сядзіб. Нават цяжка ўявіць, што некалі тут жылі людзі, гулялі дзеці, была вялікая гаспадарка.

Не магу не спыніцца на гісторыі ўзнікнення былога нашага роднага кутка. Гэтыя землі купіў мой дзед Рыгор Уласавіч Кавалевіч-Юрась, як называлі яго вяскоўцы. Дужа надакучыла яму гнуць спіну на паноў, таму і падаўся ў заробкі за акіян. Вярнуўся з грашыма, за якія купіў зямлю, пабудаваў хату. 3 семярых дзяцей з бацькам засталіся тры сыны, дочкі ўжо свае землі завялі. Вось і падзяліў набытую зямлю на тры часткі: старэйшым сынам Якаву і Паўлу, якія таксама мелі свае сем’і, і сабе з самым малодшым, Міхаілам, які жыў разам з бацькамі. Так з’явіліся на хутары тры хаты з усімі гаспадарчымі пабудовамі. Жылі дружна, працавалі старанна, мелі ўсё неабходнае. Але нядоўга. Полымя вайны забрала не толькі пабудовы. Не вярнуўся з фронта, загінуў пры пераправе цераз раку Одэр дзядзька Міша...

Гэта гісторыя. А цяпер пра сучаснасць. Засталіся крыху прыкметныя ўзвышшы на месцы хат ды чарот, дзе некалі была сажалка. Ёсць толькі памяць і гонар за продкаў (у дзяцінстве мы вельмі былі задаволены ад таго, што нас называпі Перахрэсцкія ці Юрасёвы). I спадзяюся, што гэтыя пачуцці захаваюцца ў майго ўнука Стасіка, які ўважліва слухаў гэту цікавую і сумную гісторыю, зрабіў шмат здымкаў.

Валянціна ДАРАФЕЕВА (Кавалевіч),
выхавальнік школы-інтэрната
для дзяцей з парушэннем слыху.

Дарафеева, В. Мы – Перахрэсцкія / Валянціна Дарафеева // Кобрынскі веснік. – 2004. – 24 ліпеня. – С.3. Вёска Мелянкова ў гады вайны – успаміны сведкаў.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину