Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Нас вадзіла маладосць

Калі Уладзімір і Яўген падыйшлі да шашы Кобрын - Мінск з зарадам узрыўчаткі, пачало вечарэць. Рух нямецкіх аўтамашын паступова сціхаў. Вось з-за павароту паказалася яшчэ адна. Ехала яна паволі. Камсамольцы-падпольшчыкі не заўважылі, як за перакрыжаваннем адзін за другім нямецкія салдаты выскоквалі з машыны і хаваліся ў прыдарожным кювеце. Памянялі акупанты тактыку арганізацыі засад супраць партызан, якія не раз узрывалі машыны на шашы.

Нарэшце наступіла цішыня. Камсамольцы хуценька папаўзлі да шашы, каб закласці зарад. I толькі ўзяліся за справу, як немцы з засады адкрылі шалёны агонь. Так пры выкананні баявога задання загінулі першыя члены падпольнай камсамольскай ячэйкі, што была створана 12 жніўня 1943 года з пяці чалавек у вёсцы Турная, яе сакратар Уладзімір Юхімік і камсамолец Яўген Марчук.

У гэтую падпольную “пяцёрку» уваходзіў і былы падпольшчык-партызан, цяпер заслужаны ветэран Мікалай Тарасавіч Свірыдзюк. Нядаўна ён адзначыў свой 76 год нараджэння. Аднак, нягледзячы на ўзрост, былы воін і зараз у гушчыні спраў, заўсёды сярод людзей, да яго звяртаюцца за падтрымкай і парадай як да самага блізкага чалавека.

Нялёгкі жыццёвы шлях выпаў на долю Мікалая Тарасавіча. Прыняўшы ў 18-гадовым узросце прысягу на вернасць Радзіме, ён з гонарам стрымаў гэтую свягую клятву, куды б яго ні закідваў лёс. У складзе баявой групы партызанскага атрада імя Арлова брыгады Чапаева змагаўся з ворагам у час акупацыі. Потым яго накіравалі ў органы Міністэрства ўнутраных спраў. Родны край быў вызвалены ад фашыстаў, але па лясах бадзяліся недабітыя іх прыслужнікі, здраднікі і бандыты. Яны перашкаджалі аднаўляць разбураную вайной гаспадарку, адраджаць Савецкую ўладу ў вёсках. Асабліва шмат непрыемнасцей прыносіла банда Ермака, якая хавалася ў лясах за вёскай Балоты. Яе верхавод - былы партызан, які здрадзіў свайму народу, здаваўся няўлоўным. Так, на адным з хутароў байцы асобага атрада разам з міліцыянерамі зрабілі засаду. Было дакладна вядома, што Ярмак недзе паблізу. Аднак ноч прайшла безвынікова. Толькі потым байцам стала вядома, што начавалі яны з бандытам у адным хляве, толькі яны на таку, а Ярмак - на гарышчы. Праўда, у той жа год яго акружылі на адным з хутароў у Драгічынскім раёне і знішчылі.

У 1953 годзе Мікалай Тарасавіч узначаліў аддзяленне па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці. Як адзін з вопытных, прынцыповых работнікаў М. Т. Свірыдзюк быў накіраваны потым на ўздым сельскай гаспадаркі, умацаванне калгаснага ладу. Займаў пасады галоўнага бухгалтара, старшыні калгаса, дырэктара саўгаса. I на гэтым мірным фронце ён усяго сябе аддаваў рабоце, дбаў аб людзях, аб павышэнні іх жыццёвага. ўзроўню. Дарэчы, яго і цяпер успамінаюць вяскоўцы, з кім яму давялося працаваць, толькі спагадлівымі, чулымі словамі.

Кажуць, гады бяруць сваё. Але гэтага ніяк нельга аднесці да Мікалая Тарасавіча. Вось і ў дзень нашай сустрэчы ён спяшаўся на сход ветэранаў Кобрынскага ГРАУС.

Трэба заўважыць, што Мікалай Тарасавіч узначальвае ветэранскія арганізацыі пансіяната ветэранаў вайны і працы і псіханеўралагічнага інтэрната, з'яўляецца членам прэзідыума Савета ветэранаў г. Кобрына.

- Як бачыце, асабліва адпачываць і хварэць няма калі, - жартуе Мікалай Тарасавіч.

Такое меркаванне ветэрана пацвярджае і яшчэ адна падзея, якая адбылася нядаўна ў жыцці М. Т. Свірыдзюка. На сходзе ўпаўнаважаных прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый горада яго аднадушна абралі дэлегатам II Усебеларускага сходу.

Свірыдзюк, М. Т. Нас вадзіла маладосць / М. Т. Свірыдзюк // Кобрынскі веснік. – 2001. – 8 мая. – С. 1, 2. Ветэран вайны Мікалай Тарасавіч Свірыдзюк у складзе баявой групы партызанскага атрада імя Арлова брыгады Чапаева змагаўся з ворагам у час акупацыі. 

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин