Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Вялікі спіс крывавы

Большасць кабрынчан у перыяд акупацыі жыла ў пастаянным страху, няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Кожны ў любы момант мог апынуцца ў якасці заложніка, а затым і ахвяры фашыстаў. I ўсё ж пакуль існавала гета, яно было для астатніх груп насельніцтва своеасаблівым маланкаадводам. Калі ж гэты маланкаадвод знік, трывога шматразова ўзмацнілася. Усё часцей узнікала пытанне: хто наступны? А падстаў для гэтага было шмат. У Дзівіне знішчылі ўсіх палякаў, у Жабінцы расстралялі ўсіх так званых «усходнікаў». У Кобрынскай турме да снежня 1943 года трымалі 72 найбольш кваліфікава ных рамеснікаў-яўрэяў. Жыццё часова ім было захавана для таго, каб яны абслугоўвалі супрацоўнікаў гебітскамісарыята. Але і яно абарвалася на месцы папярэдняй масавай расправы. У тым жа годзе знішчылі гета ў Дзівіне і Гарадцы. Ахвярамі фашыстаў сталі больш як 1700 чалавек. Усімі гэтымі злачынствамі кіраваў начальнік СД Пічман.

А ў інтэрвалах паміж расправамі над жыхарамі гета карныя экспедыцыі сеялі смерць і разбурэнні ў розных вёсках раёна.
На досвітку 6 верасня з боку вёскі Баршчы ў напрамку вёскі Каменка накіраваўся дзесятак крытых грузавікоў. Другая калона адначасова рухалася па Казішчанскай дарозе. Разлічваючы, што гэта аблава на партызан, якія пакінулі Каменку тры гадзіны назад, сяляне без асаблівай трывогі сабраліся па загаду ў канцы вёскі ля хлява. Людзі ведалі, што напярэдадні ў вёсцы Завужоўе праводзілася падобная аперацыя з допытам насельніцтва, пасля чаго ўсіх адпусцілі. Калі сабраліся жыхары Каменкі, раздалася каманда сесці, якую паслухмяна выканалі. Затым усіх прымусілі легчы тварам да зямлі. Пасля гэтага адзін з фашыстаў адабраў пяцёра крайніх і павёў у хлеў, адкуль адразу ж раздаліся стрэлы. Тады стары селянін ускочыў на ногі і закрычаў: «Людзі, разбягайцеся хто куды!». Сяляне кінуліся ўрассыпную, многія проста на кулямёты. Хутка поле было ўсеяна забітымі і параненымі.

Пасля гэтай бойкі з суседніх вёсак Басяч і Бяроза карнікі нагналі людзей з падводамі, на якія грузілі ўсё, што можна было вывезці. А некалькі ўцалелых жыхароў Каменкі прымусіл і збіраць трупы родных і аднавяскоўцаў і звозіць у хлеў. Затым забілі і іх. Сабраўшы нарабаванае, фашысцкія каты спалілі хлеў з трупамі і ўсе астатнія пабудовы вёскі. 3-пад куль удалося ўцячы васемнаццаці жыхарам вёскі. 186 нявінных людзей рознага ўзросту былі забіты.

Аб зверствах ворагаў сведчаць запісы з захаванага «Дзённіка баявых дзеянняў» 3-га батальёна 15-га паліцэйскага палка за перыяд з 11 верасня па 24 лістапада 1942 года. Вось некаторыя з іх: «20 верасня. У розных населеных пунктах арыштаваны рускія падданыя. 55 чалавек расстраляны. 21 верасня. Расстраляны 3 памочнікі бандытаў і 37 савецкіх падданых. 23 верасня. Батальённы камандны пункт Макраны. Заданне: 9-й ротай павінна быць знішчана заражаная бандытамі вёска Барысаўка. Аперацыя пачынаецца з акружэння населеных пунктаў, якое заканчваецца ў ранішнія гадзіны. 3 наступленнем дня жыхароў збірае асобная служба...»

У Барысаўцы расстралялі 49 мужчын, 93 жанчыны і 23 дзіцяці. У Борках і Забалацці (Маларыцкі раён) адпаведна— 705 і 289 чалавек. Затым захопнікі прыступаюць да канфіскацыі жывёлы, збожжа, маёмасці. У тым жа 1942 годзе ў нашым раёне фашысты цалкам знішчылі вёску Арол, а ў адным з хлявоў вёскі Рэчыца жывымі спалілі 64 яе жыхары.

Жудасны спіс распраў над мірным насельніцтвам у 1943 годзе налічвае таксама сем часткова знішчаных вёсак, у якіх загінула да 200 сялян. Летам 1943 года для запалохвання насельніцтва акупанты вырашылі прылюдна на плошчы Свабоды павесіць трох партызан. Пачарнелыя трупы іх правіселі некалькі дзён.

Апошняя крывавая расправа ў Кобрыне адбылася якраз напярэдадні новага 1944 года — апошняга года фашысцкай акупацыі. Высокая шыбеніца была ўстаноўлена на той жа плошчы Свабоды, насупраць вул. Суворава. На яе перакладзіне віселі сем петляў, прызначаных для членаў падпольнай дыверсійнай групы. Сярод іх былі і жыхары Кобрына — Афанасій Верамчук, Тадэвуш Гарбатоўскі, Аляксандр Нагорны.

Дзень выдаўся сонечны, марозны. За ходам падзей на плошчы з невялікага самалёта сачыў начальнік мясцовага аддзялення СД Пічман. Садысты з яго каманды прыдумалі страшэнны шантаж. У восьмага з удзельнікаў выкрытай групы — Леаніда Малафеюка былі маленькія дзеці, якіх ён вельмі любіў. Дык вось узамен за захаванне жыцця дзяцей і жонкі Малафеюку прапанавалі павесіць сваіх сяброў, самому яму быў гарантаваны расстрэл. Страшэнная здзелка адбылася. Аднаму з прыгавораных, які страціў прытомнасць, немцы самі накінулі пятлю на шыю.

Гэты ж дзень стаў апошнім і для Пічмана. Начальнік СД вырашыў весела сустрэць новы год у знаёмым доме. Прыйшоў сюды ў цывільным адзенні. Тут яго і прашыў аўтаматнай чаргой адзін салдат з ваеннага патруля, які зайшоў папярэдзіць гаспадароў аб парушэнні святломаскіроўкі, і ў самаўпэўненым пану ў цывільным не распазнаў кіраўніка СД.

А спісы ахвяр фашызму працягвалі расці. Нават у самыя апошнія дні акупацыі ў ліпені 1944 года ў вёсцы Павіцце было спалена 127 дамоў, забіты 141 жыхар. Вясной 1944 года акупанты, адчуваючы канец, зрабілі спробу знішчыць сляды сваіх страшэнных злачынстваў. 3 гэтай мэтай чарговыя партыі зняволеных раскопвалі брацкія магілы на паўднёвай ускраіне Кобрына і палілі на кастрах напалавіну сатлелыя трупы. А потым людзей, што рабілі гзта. таксама расстралялі і спалілі.

ГІА ПРЫБЛІЗНЫХ падліках за гады ваеннага ліхалецця на Кобрыншчыне загінула да 12 тысяч чалавек насельніцтва. Аб зверствах фашыстаў сення напамінаюць абеліскі, устаноўленыя на месцах масавых расстрэлаў ля Днепра-Бугскага канала, ля павароту на Дзівінскую шашу, непадалёку ад гарадской бальніцы. Жыхары вёсак Каменка, Барысаўка, Рэчыца і шэрагу іншых узвялі мемарыялы ў памяць аб загтнуўшых земляках. Гэтыя сціплыя помнікі гавораць і будуць гаварыць будучым пакаленням: “Людзі, будзьце пільнымі!”

А. Мартынаў

Мартынаў, А. Вялікі спіс крывавы / Аляксей Мартынаў // Камуністычная праца. — 1988. — 19 красавіка.
Аб расправах над мірным насельніцтвам у 1942-1943 гадах, у тым ліку в. Каменка, Рэчыца.

Навигация



Наши партнеры

Познай Кобрин