Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Населённые пункты Кобринского района от А до Я

Турная

ТУРНАЯ – вёска ў Залескім с/с, за 11 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 57 км ад Брэста. На шашы Мінск–Брэст. 31 гаспадарка, 60 жыхароў (2005). У 1563 г. ўпамінаецца р. Турна. У 1637 г. Турная (Турны, ці Млынары) – маёнтак у Брэсцкім ваяв. ВКЛ, 20 маргоў зямлі. У 1786 г. ў маёнтку 47 маргоў зямлі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1890 г. вёска, 498 дзес. зямлі; маёнтак, уладанне Н.Сабанскай, 609 дзес. зямлі; пасёлак, 45 1/2 дзес. зямлі (розныя ўладальнікі); у Залескай вол. У 1897 г. вёска, 84 двары, 566 жыхароў, меўся хлебазапасны магазін. Побач знаходзіліся мыза Турна, 8 жыхароў, і дом для паромнай пераправы Турная (Замлыны) пры р. Мухавец, 16 жыхароў. У 1905 г. вёска налічвала 571 жыхара, маёнтак – 15 жыхароў. З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 20 дамоў, 143 жыхары. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Закросніцкім, з 16.7.1954 г. ў Залескім сельсаветах. У 1940 г. вёска налічвала 99 двароў, 417 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну ў вёсцы дзейнічалі з восені 1941 г. да крас. 1944 г. антыфаш. к-т і з 12.8.1943 г. да сярэдзіны ліп. 1944 г. камсамольская арг-цыя (у канцы 1943 – 17 членаў). Антыфаш. к-т узначальвалі Д.С.Барысюк і Ц.М.Краўчук. У 1975 г. ў гонар падпольшчыкаў на зах. ускраіне вёскі ўстаноўлены помнік. У 1987 г. на доме Краўчука, дзе ў 1941–44 гг. размяшчалася канспіратыўная кватэра арг-цыі, устаноўлена мемарыяльная дошка. У баях з ням.-фаш. акупантамі ў раёне вёскі ў 1943–44 гг. загінулі партызаны атрадаў імя Суворава і Арлова (партыз. брыгада імя Чапаева). У 1955 г. на магіле (за 1,5 км на Пн ад вёскі) устаноўлены помнік, які таксама ўшаноўвае памяць 42 жыхароў вёсак Закросніца, Прылукі, Рачкі, Турная, што загінулі ў баях з ням.-фаш. захопнікамі ў гады Вял. Айч. вайны. У 1948 г. ў вёсцы арганізаваны калгас імя Калініна (70 гаспадарак, старшыня С.М.Лукашук). Паводле перапісу 1959 г. 294 жыхары, у 1970 г. – 206 жыхароў. У 1999 г. вёска, 47 гаспадарак, 92 жыхары, на тэр. Брэсцкай абласной сортавыпрабавальнай станцыі. Працуе магазін. У в. Турная нарадзіўся Дз.С.Барысюк, удзельнік падп. барацьбы супраць акупацыі Польшчай Зах. Беларусі і камандзір Турнянскага антыфаш. к-та ў гады Вял. Айч. вайны.

Тэўлi

ТЭЎЛІ – вёска, цэнтр Тэвельскага с/с, за 14 км на ПнЗ ад г. Кобрын, 52 км ад Брэста. На аўтадарозе Камянец–Кобрын. Чыг. станцыя на лініі Брэст–Баранавічы. 230 гаспадарак, 570 жыхароў (2005). Па пісьмовых крыніцах вядомы з XVI ст. як сяленне Тэваль Берасцейскага ваяв. ВКЛ. У 1563 г. ўпамінаюцца Іван, Панько, Даніла Тэвелевічы – лаўнікі с. Залессе. У 1566 г. кобрынскі староста Ст.А.Давойна, троцкі кашталян А.Валовіч і іншыя падпісалі ліст на заснаванне ў Тэўлях царквы святога Дзмітрыя (царкве надалі 2 валокі зямлі). У 1679 г. Тэвелі – сяло ў Кобрынскай эканоміі, 50 валок зямлі. У 1712 г. вёска ў Чаравачыцкім ключы Кобрынскай эканоміі, у якой падчашы браслаўскі Баркоўскі меў 6 валок зямлі. Паводле інвентарнага апісання сяла 1724 г. царква мела 1 вольную валоку зямлі. У 1746 г. вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы Аўгуст III сваім прывілеем пацвердзіў рус. ліст 1566 г. Давойны і іншых. У 1764 г. Тэўлі – сяло, дзейнічала уніяцкая царква. У 1786 г. вёска ў Тэвельскім ключы той жа эканоміі (уваходзілі 4 вёскі). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Пружанскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1845 г. вёска аднайменнага маёнтка, 18 гаспадарак, 157 жыхароў. Маёнтак, уладанне М.Ф.Непакайчыцкага, налічваў 486 дзес. зямлі (разам з в. Тэўлі). У 1886 г. Тэўлі – сяло ў Мураўёўскай вол., 26 двароў 283 жыхары, дзейнічалі 2 царквы, школа, піцейны дом, станцыя Маскоўска-Брэсцкай чыгункі.

У 1888 г. Тэвельскі праваслаўны прыход налічваў 1506 вернікаў. У 1890 г. – сяло, 306 1/2 дзес. зямлі; царк. прычт, 95 1/2 дзес. зямлі; хутар, уладанне А.Дзяконскага, 390 дзес. зямлі. Побач з сялом знаходзіліся аднайменныя: маёнтак, уладанне К.Высоцкага, 325 дзес. зямлі (разам з хутарам Шляг), і сядзібы В.Снігурскага (24 дзес. зямлі), Л.Нямцэвіча (42 дзес. зямлі), О.Саковіча (26 1/2 дзес. зямлі), О.Стржалкоўскага (11 дзес. зямлі), А.Акунеўскага (10 1/2 дзес. зямлі). У 1897 г. 42 двары, 313 жыхароў, меліся хлебазапасны магазін, 2 ветраныя млыны, заезны двор і піцейны дом (пры Тэвельскім гандл. тракце, 3 жыхары), чыг. станцыя (7 двароў, 53 жыхары), 2 царквы, прычтавая сядзіба (12 жыхароў), нар. вучылішча (3 жыхары). У 2 выселках Тэўлі 2 двары, 21 жыхар, у 6 аднайменных сядзібах – 72 жыхары, у фальварку – 20 жыхароў, у маёнтку – 5 гаспадарак, 51 жыхар. У нар. вучылішчы ў 1889/ 90 навуч. годзе займаліся 51 хлопчык, 11 дзяўчынак, у 1892–93 гг. – 48 хлопчыкаў 4 дзяўчынкі, у 1905–06 гг. – 49 хлопчыкаў, 11 дзяўчынак. У 1905 г. Тэўлі – сяло, 410 жыхароў; паштовая станцыя, 8 жыхароў; чыг. станцыя, 62 жыхары; 7 маёнткаў 95 жыхароў. У 1-ю сусветную вайну ў жн. 1915 г. каля вёскі ў баях з войскамі кайзераўскай Германіі загінулі каля 200 салдат рус. арміі (у 1916 устаноўлены надмагіллі). Падчас сав.-польскай вайны ў баях побач з вёскай з польскімі войскамі загінулі 50 чырвонаармейцаў, якія пахаваны ў 3 брацкіх магілах (надмагіллі ўстаноўлены у 1925–26). З 1921 г. Тэўлі ў складзе Польшчы, у Мацясоўскай гміне Пружанскага пав. Палескага ваяв.; вёска – 62 двары, 473 жыхары, і калонія – 3 жыхары. У 1931 г. вёска – цэнтр гміны таго ж павета (уваходзілі 75 населеных пунктаў 9244 жыхары), працавалі школа і тэатральны гурток. З 1939 г.ўскладзе БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. – цэнтр Тэвельскага с/с. У 1940 г. ў вёсцы 120 двароў 758 жыхароў дзейнічалі нафтавы і газагенератарны млыны, няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, пошта, ветпункт, сельпо з гандл. кропкай, сельсавет (тэлефанізаваны), фельч.-акушэрскі пункт, чыг. станцыя. На тэр. сельсавета налічваліся 14 населеных пунктаў 454 двары, 2749 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну ў баях з ням.-фаш. захопнікамі загінулі 62 аднавяскоўцы (у 1967 устаноўлены помнік). Пры вызваленні вёскі ад ням. акупантаў у ліп. 1944 г. ў баях загінуў 51 воін 55-й гв. стралк. дывізіі 28-й арміі 1-га Бел. фронту (у 1958 устаноўлены помнік). У 1949 г. 36 гаспадарак аб'ядналіся ў калгас імя Чкалава (старшыня Г.П.Каліш). Паводле перапісу 1959 г. ў в. Тэўлі было 638 жыхароў, у 1970 г. – 613 жыхароў. У 1999 г. 250 гаспадарак, 624 жыхары, цэнтр калгаса імя Гагарына (з 2004 СВК «Тэўлі»). Працуюць 3 магазіны, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, школа-сад, сталовая, аддз. сувязі, ветучастак, камбінат быт. абслугоўвання. Помнікі архітэктуры: Свята-Успенская царква (1874), Свята-Дзмітрыеўская капліца (XVIII ст.). За 0,5 км ад вёскі знаходзяцца Вайсковыя могілкі.

Навигация

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин