Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Прошёл районный праздник “Дожинки – 2017” в агрогородке Городец

Данінай павагі працы хлебаробаў  стала раённае свята “Дажынкі”, якое адбылося 19 жніўня ў аграгарадку Гарадзец.  Важную падзею з аграрыямі раздзялілі  і вышэйшыя сілы,  папесціўшы людзей у гэты сімвалічны дзень добрым надвор’ем. 

— Падводзячы вынікі раённага спаборніцтва “Жніво-2017”, мы падводзім рысу круглагадовай працы,  якая дазволіла  пакласці хлеб у засекі, — адзначыў у час адкрыцця ўрачыстай імпрэзы старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля. 

Вядома ж, за добрым ураджаем, а сёлета на Кобрыншчыне ўжо сабрана  86283 тоны збожжа, сярэдняя ўраджайнасць якога склала 33,7 ц/га, стаіць самаадданая праца вясковых рупліўцаў  у розныя сельскагаспадарчыя перыяды.  Ведаючы сапраўдную цану хлеба, яны, не лічачыся з часам,  старанна ажыццяўлялі ворыва, сяўбу, угнаенне і іншыя сельскагаспадарчыя мерапрыемствы.

Лепшых хлебаробаў раёна на святочнай імправізаванай сцэне віншавалі і намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Кобрынскага райвыканкама Сяргей Барташ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Лазарчук. Героямі жніва, якія атрымалі шчырыя словы падзякі і грашовыя прэміі, сталі: сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і іншых арганізацый – СВК “Узыходзячая зара”, сярод камбайнераў — экіпаж Юрыя Сідарука і Мікалая Дземянчука (ААТ “Пакроўскі), сярод маладых камбайнераў – маладзёжны экіпаж Мікалая і Васілія Міранюкоў (ААТ “Пакроўскі”), сярод вадзіцеляў – Аляксей Селех (СВК “Узыходзячая зара”), сярод маладых вадзіцеляў – Аляксандр Гамянюк (ААТ “Стрыгава”), сярод аператараў збожжасушыльных установак – Уладзімір Нінічук (СВК“Узыходзячая зара”), сярод аграномаў – Іван Гусак(ААТ “Агра-Кобрынскае”), сярод інжынераў — Мікалай Машко (ААТ “Гарадзец-агра”) — яны ўдастоіліся першага месца. Не меншым энтузіязмам адзначыліся ў жніве абладальнікі другога месца раённых спаборніцтваў “Жніво-2017” – сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і іншых арганізацый — Кобрынская сортавыпрабавальная станцыя, сярод камбайнераў — экіпаж Васілія Кавалевіча і Андрэя Шарапава (ААТ “Гарадзец-агра”), сярод маладых камбайнераў — Мікалай Мядзведзь і Дзмітрый Радковіч (ААТ “Пакроўскі”), сярод маладых вадзіцеляў — Аляксандр Каралюк (СВК “Узыходзячая зара”), сярод аператараў збожжасушыльных установак — Сяргей Рысеў (ААТ “Гарадзец-агра”). Трэцюю пазіцыю па выніках жніва, але такую ж шчырую падзяку атрымалі: сярод сельскагаспадарчых прадпрыемтваў і іншых арганізацый – ААТ “Пакроўскі”, сярод камбайнераў – Мікалай Пакалюк і Аляксандр Бараноўскі (ААТ “Гарадзец-агра”), сярод маладых камбайнераў – Аляксандр Краўчук і Руслан Цецярук (ААТ “Днепра-Бугскае”), сярод вадзіцеляў – Аляксандр Нікіцюк (ААТ “Агра-Кобрынскае”), сярод маладых вадзіцеляў – Павел Пальчук (ААТ “Астромічы”), сярод аператараў збожжасушыльных установак – Аляксандр Кавалюк (ААТ “Агра-Кобрынскае”).

“Цудаў у нашай справе не бывае, не  ўкладзеш у зямлю – нічога не атрымаеш”, — адзначыў дырэктар ААТ “Агра-Кобрынскае” Сяргей Селівестраў,  якому са сваім невялікім працоўным калектывам удалося дасягнуць вышэйшага ў раёне паказчыка ўраджайнасці – 70,1 ц/га.  Заўважым, што гаспадарка штогод займае лідзіруючую пазіцыю не толькі на ўзроўні раёна, але і вобласці. Невялікія пасяўныя плошчы ў 550 гектараў тут  у асноўным адводзяць пад азімую і яравую пшаніцу і не памыляюцца. “Пшанічнымі” пяшчотна называюць свае землі аграрыі ААТ “Агра-Кобрынскае”  і, строга прытрымліваючыся тэхналогіі вырошчвання культуры, атрымліваюць добры ўраджай.  Сёлета гаспадарка ўжо рэалізавала дзяржаве больш за тысячу тон пшаніцы 3 класа. З дапамогай аднаго збожжаўборачнага комплекса з вялікай магутнасцю і трох  камбайнаў мясцовыя аграрыі  не толькі  абслугоўваюць свае хлебныя палі, але і дапамагаюць іншым гаспадаркам.

У ліку першых завяршылі ўборку ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве  “Узыходзячая зара”,  які, нагадаем,  у раённым спаборніцтве “Жніво-2017” стаў поўным пераможцам сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і іншых арганізацый.  “Вынікамі жніва задаволены, —  заўважыў  намеснік старшыні гаспадаркі Сяргей Шпендзік.  —  Землі ў нас бедныя, але, нягледзячы на гэта, мы намалацілі 7277 тон збожжа пры ўраджайнасці 41,4 ц/га”. Свой  поспех, а  пераможцамі  хідрынскія аграрыі прызнаваліся  нават на ўзроўні рэспублікі,  яны лічаць заканамерным. “Нашы людзі ўмеюць працаваць, шчыруюць у гаспадарцы як для сябе”, — з удзячнасцю  пра сваіх калег адзначыў Сяргей Міхайлавіч. Сёлета ў гаспадарцы падлягала да ўборкі 1763 гектары, на якіх каласіліся  ўсе віды збожжавых культур.  Для работы тут ёсць усё неабходнае – 7 камбайнаў і 2 збожжасушыльныя комплексы, таму ўраджай сабралі без страт і ў  аптымальныя тэрміны, дапамаглі і калегам з іншых гаспадарак.

Непаўторны быў смак сёлетняга каравая. Выпеставаны на хлебнай ніве рукамі дбайных вяскоўцаў, лагодным сонцам і разважлівым дажджом, для  шматлікіх гасцей ён стаў не проста смачным  пачастункам, але і адгалоскам дзяцінства, калі  прыемны пах хлеба  раздаваўся амаль у кожнай вясковай хаце.

Традыцыйна на Кобрыншчыне ў час “Дажынак” праходзіць раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”,  арганізатарам якога выступае РК ГА “БРСМ” пры падтрымцы Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта. Ёсць у аб’яднанні важных мерапрыемстваў рацыянальнае зерне –  конкурс праводзіцца сярод маладых сямей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, яны ведаюць цану хлеба не па чутках, а таму “дажынкі” для іх – першарадная падзея. Сёлета ў спаборніцтве паўдзельнічалі 4 маладыя сям’і: Іван і Ірына Лысенка (Гарадзецкі сельскі Савет), Сяргей і Алена Молчан  (Буховіцкі сельскі Савет), Іван і Вікторыя Палхоўскія  (Астроміцкі сельскі Савет), Ігар і Ганна Камарчук (Навасёлкаўскі сельскі Савет).  Для многіх, напэўна, конкурсы падаліся  складанымі, але толькі не для нашых удзельнікаў, бо прапанаваныя заданні – іх штодзённая праца.  Маладыя сем’і,  кожная з якіх мае  свой  “узрост”  і  сацыяльны статус спаборнічалі  ва ўменні весці сялянскі побыт. Праз конкурсы “Візітная картка”, “Выстава дасягненняў”, “Сялянскія прысмакі”, “Панцак” і многія іншыя канкурсанты раскрывалі свае таленты. Гледзячы, з якім імпэтам сем’і спраўляліся з заданнямі, у думках паспачувала членам журы: выбраць мацнейшых будзе складана. Аднак спаборніцтва ёсць спаборніцтва, каб мець сваіх пераможцаў.  Першае месца  атрымала сям’я Палхоўскіх,  дыпломам другой ступені ўзнагараджана сям’я  Камарчук,  на трэцяй пазіцыі – сям’я Молчан, дыпломам удзельніка ўзнагароджана сям’я Лысенка. Варта заўважыць, што, нягледзячы на тое, якім чынам размеркаваліся прызавыя  месцы,  усе сем’і атрымалі каштоўныя падарункі. “На нашых канкурсантаў варта раўняцца,  яны добры прыклад таго, як трэба зберагаць сямейныя традыцыі. Асабліва прыемна, што сярод моладзі шмат творчых людзей”, — каменціруе спаборніцтва непасрэдны арганізатар і старшыня журы першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марына Палявода. 

Што ж датычыцца сям’і Палхоўскіх, па праве надзеленай тытулам “Уладар сяла”,  то яна з гонарам носіць статус шматдзетнай. Татава і маміна радасць — дочкі Лізавета, Анастасія і Варвара. Пакуль бацька  на рабоце, а Іван Іванавіч  працуе заатэхнікам-селекцыянерам у КСУП “Племзавод “Дружба”, старэйшыя Ліза і Насця дапамагаюць маме ўпраўляцца па гаспадарцы, у якой разам гадуюцца каровы, свінні, розная хатняя птушка.  І хоць штодзённы клопат сям’і відавочны, яны знаходзяць час для сумеснага актыўнага адпачынку.

Шматлікіх гасцей, якія з’ехаліся ў Гарадзец ці не з кожнага куточка Беларусі,  аб’яднала і яшчэ адна падзея  — іх роднай вёсцы споўнілася  875 гадоў.  Жыхары Гарадца славяцца сваімі ўмелымі рукамі, талентамі і гасціннасцю, а аграхолдынг “Гарадзец-агра”  з’яўляецца адным з вядучых сельгаспрадпрыемстваў у раёне. З віншавальным словам да сваіх землякоў звярнуўся старшыня Гарадзецкага сельвыканкама Дзмітрый Міроненка, настаяцель Свята-Узнясенскай царквы  Георгій Чарвякоўскі.  Пад гучныя воплескі віталі на святочнай сцэне заслужанага работніка медыцыны Ганну Шаўчук, заслужанага работніка культуры Беларусі Ігара Чэрніка,  старажылаў вёскі, сярод якіх самым доўгім векам – 96 гадамі —  вызначылася Вольга Філіновіч, шматдзетныя сем’і  і сем’і, у якіх сёлета на свет нарадзіліся дзеці, маладыя сем’і  і  сем’і, якія ўжо разам ідуць па жыцці доўгія гады, педагогаў, медыкаў, прадаўцоў, аграрыяў  і ўсіх тых, хто сваёй  доўгай працай  мацуе дабрабыт Гарадца. Адзначылі сваіх лепшых чытачоў і работнікі Гарадзецкай публічнай бібліятэкі.

Вяскоўцы! Цяжка пераацаніць  вашу ролю ў няспынным руху жыцця. Вы і ёсць той рух, бо з’яўляецеся крыніцай духоўнасці, чысціні, сваімі працавітымі рукамі  вы мацуеце дабрабыт дзяржавы. Слава вам!

Людміла ДУБІНА. 
Фота Рамана Мельніка.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"