Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Сабраліся, вырашылі – і зрабілі!

Пасёлак “Птушкафабрыка” і вёска Андронава – гэта ў агульнай колькасці больш за 1300 жыхароў і больш за 300 дзяцей. У той жа час склалася так, што тут, па сутнасці, не было ніякіх значных аб’ектаў дзіцячай інфраструктуры. Аднак зусім нядаўна гэтая сітуацыя змянілася ў лепшы бок: дзякуючы гранту асветніцкага грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі”, які выйгралі грамадскае аб’яднанне “Клуб дзелавых жанчын “Бона” і Батчанскі сельвыканкам, у рамках міні-праекта “Востраў дзяцінства” пры дзейсным укладзе мясцовых жыхароў літаральна ў чыстым полі з’явіўся яркі і прыгожы дзіцячы гарадок. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Кобрыншчыны.

Як адзначыла старшыня Батчынскага сельвыканкама Святлана Гангала, праект на самай справе рэалізоўваўся вялікай і дружнай талакою. Драўляныя элементы выканалі ў Кобрынскім політэхнічным каледжы, з лесам дапамог Кобрынскі доследны лясгас, з транспартам і пяском – Кобрынская птушкафабрыка і ААТ “Батчы”, грыбок прывезла КУШВП ЖКГ “Кобрынскае ЖКГ”, дырэктар ААТ “Надзея” Юрый Цапко прадставіў турнік і спартыўныя брусы. Што ж датычыцца свята, то яно атрымалася на славу. У арганізацыі прынялі ўдзел СТАА “ВП Палессе”, ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, Кобрынскі хлебазавод, аграэкасядзіба “Васількова”, выдатным падарункам сталі выступленні маладых артыстаў Кобрынскай раённай клубнай сістэмы і Кобрынскага Палаца культуры. Асобнай падзякі заслужылі людзі, якія жывуць на гэтай зямлі.

— Гэта – той выдатны прыклад, калі кожны прыклаў пасільную дапамогу, а ў выніку мы атрымалі цудоўны дзіцячы аб’ект, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Добра спрацавалі мясцовыя ўлады і органы самакіравання, якія здолелі арганізаваць гэтых людзей найлепшым чынам. А словы самай шчырай удзячнасці хацелася б сказаць у адрас вось гэтых мясцовых жыхароў, мужчын і бацькоў, якія сваёй працай і сваім асабістым укладам прадэманстравалі тое самае адзінства народнага духу, якім заўсёды адзначалася наша зямля.
Урачыстая цырымонія адкрыцця новай спартыўна-гульнявой дзіцячай пляцоўкі стала сапраўдным святам і яшчэ раз пацвердзіла, што калі добрая ідэя сутыкаецца з матэрыяльнай падтрымкай і энтузіязмам, на гэтым шляху проста не можа быць нічога немагчымага і невырашальнага.


— Рэалізацыя нашага праекта “Востраў дзяцінства” – доказ таго, што цуды здзяйсняюцца, — адзначыла старшыня ГА “Клуб дзелавых жанчын “Бона” Ала Сапежынская. – Ідэя сустрэлася з разуменнем і залатымі рукамі – я помню, як мы прыязджалі сюды на працягу рэалізацыі праекта і бачылі, як тут да зорак, да цемры працавала па некалькі дзясяткаў чалавек – таты, мамы, бабулі, дзядулі… Гледзячы на гэта, усе мы адчувалі толькі годнасць і асалоду. І я думаю, што гэта – доказ таго, што мы можам аб’ядноўвацца і агульнымі намаганнямі вырашаць нашы праблемы.

Трэба адзначыць, што дзіцячая пляцоўка змянялася нават на працягу свайго стварэння. Ідэю далейшага развіцця падказалі старэйшыя дзеці, якія проста спыталі: а што на новай пляцоўцы будзе для тых, хто ўжо крыху падрос? І вось побач з’явіліся футбольныя вароты і спартыўныя прылады, якія ўнясуць свой уклад у развіццё мясцовай моладзі. Да гэтага ж, як неаднаразова адзначалася ў час сустрэчы, месца для новых цікавых ідэй вакол новай пляцоўкі яшчэ вельмі многа, як і дзейснага жадання мясцовых жыхароў рабіць жыццё сваіх дзяцей усё больш камфортным.

Дзмітрый БЯЛОЎ.
ЗДЫМКІ АЎТАРА.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"