Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Ударна працавалі – добра і адпачываць!

Свята вясны, Першамай і Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных – добрая традыцыя, якая аб’ядноўвае многія пакаленні. Ушанаванне герояў працы і ўсіх тых, хто не адзін год свайго жыцця аддаў на карысць грамадству, традыцыйна праходзіць у розных працоўных калектывах. Святочнае мерапрыемства з гэтай нагоды, арганізаванае па ініцыятыве Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і пры падтрымцы Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта, прайшло напярэдадні Першамая ў зале Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў.

Гасцямі свята сталі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, былыя супрацоўнікі сфер адукацыі, медыцыны, транспарту, аграпрамысловага комплексу, сацыяльнай сферы.

Урачыстая частка мерапрыемства пачалася з прагляду відэанарыса, у якім быў паказаны шлях Кобрынскага раёна ад мінулага да сучаснасці. Затым старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук далажыў прысутным аб справах ў рэгіёне за апошнія тры гады. Былым кіраўнікам цікава было пачуць пра сучасны стан арганізацый, да якіх яны мелі дачыненне, прыемна даведацца, што прамысловасць Кобрыншчыны прырастае шэрагам новых прадпрыемстваў, а ў эканоміцы раёна назіраецца станоўчая дынаміка. Паразуменне і згоду з боку ветэранаў вызвалі перспектыўныя планы рэгіёна, накіраваныя на забеспячэнне эканамічнага росту, павышэнне жыццёвага ўзроўню і эфектыўнасці эканомікі, таму што самі яны ў часы знаходжання на сваіх пасадах таксама шмат працавалі для таго, каб Кобрыншчына квітнела і багацела. За плённую шматгадовую працу былы дырэктар ААТ «Кобрынаграмаш» Іван Мароз, былы дырэктар ААТ “ Кобрынскі інструментальны завод” Іван Лупіш і былы старшыня калгаса “Дружба народаў” Уладзімір Падайка атрымалі каштоўныя падарункі ад Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў.

Пасля заканчэння ўрачыстай часткі ветэраны з задавальненнем успаміналі, як працавалі і святкавалі Першамай у розныя гады сваёй дзейнасці.

Сорак гадоў аддаў сельскай гаспадарцы Аляксандр Момлік. За гэты час ён паспрабаваў свае сілы на пасадзе старшыні калгаса “Іскра”, на працягу 17 гадоў узначальваў калгас “Перамога”, перад выхадам на заслужаны адпачынак кіраваў ААТ “Кобрынскі райаграсэрвіс “. Многія лічаць, што пасада дае ўладу, незалежнасць, самастойнасць. Але на думку Аляксандра Момліка , перш за ўсё яна патрабуе адказнасці за калектыў, які ўзначальваеш.

– Стараліся, сумленна працавалі! – разважае Іван Булах, які 24 гады ўзначальваў Кобрынскі гарана, што быў папярэднікам сённяшняга аддзела адукацыі, спорту і турызму.

За гады яго працы было пабудавана пяць агульнаадукацыйных школ.

На грудзях у наступнага суразмоўцы – Фёдара Дубчука, які на працягу 23 гадоў быў кіраўніком Кобрынскага раённага вузла электрасувязі, зіхаціць ордэн Пашаны, якім ён быў узнагароджаны за вялікія дасягненні ў сваёй сферы дзейнасці.

– Усе гэтыя людзі ў свой час унеслі вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна і краіны, многія і сёння займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, – гаворыць пра гасцей свята старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Удадзімір Кузіч.

І з ім нельга не пагадзіцца, таму што наш раён заўсёды славіўся сваімі дасягненнямі і працавітымі людзьмі, у нас заўсёды шанаваўся чалавек-працаўнік, чалавек, адданы сваёй прафесіі.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: былы начальнік гарадской налогавай інспекцыі Уладзімір Паўлавец, былы начальнік Кобрынскага раённага вузла электрасувязі Федор Дубчук, былы начальнік чыгуначнай станцыі “Кобрын” Мікалай Ячнік, былы начальнік філіяла «Аўтапарк № 16 г. Кобрына» Анатолій Кавалевіч.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"

Комментарии