Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Для ОАО “Агро-Кобринское” весна особенно горячая пора

Вясновы дзень год корміць — гэтую народную мудрасць добра ведаюць у ААТ “Агра-Кобрынскае”, а таму, ледзь толькі сонца кранула зямлю сваім лагодным цяплом, мясцовыя аграрыі выйшлі ў поле. Клапатлівым і працавітым рукам вяскоўцаў круглы год хапае працы, але вясна для іх – асабліва гарачая пара.

У мінулым годзе ААТ “Агра-Кобрынскае” дабілася найвышэйшага паказчыка па ўраджайнасці (63,5 ц/га) у вобласці, і, як заўважыў дырэктар гаспадаркі Сяргей Селівестраў, зніжаць гэтую планку яны не збіраюцца. Вясновая сяўба ў тэрмін – задатак добрага ўраджаю, і працоўны калектыў таварыства, які, дарэчы, налічвае 145 чалавек, з энтузіязмам пераключыўся ў рэжым светлавога дня, не марнуючы пры гэтым ніводнай хвіліны.

Нягледзячы на тое, што сельгасугоддзі гаспадаркі адносна невялікія — 2 173 гектары, шчыльнасць пагалоўя жывёлы тут адна з самых высокіх у раёне. З агульнай колькасці жывёлы, якая налічвае 2171 галаву, дойнага статку – 610. Як заўважыў Сяргей Селівестраў, у перспектыве колькасць кароў будзе павялічвацца: ужо сёлета плануецца нарасціць пагалоўе дойнага статку на 100 галоў. Зразумела, гэта наклала свае адбіткі на планы аграрыяў у цэлым. Каб забяспечыць уласнае пагалоўе кармамі, выканаць дзяжпаказчыкі і, безумоўна, зарабіць, у гаспадарцы пасеялі 490 гектараў азімых культур, з якіх на збожжа 230 гектараў пшаніцы, 130 гектараў – трыцікале, астатнія 130 гектараў – на зялёны корм. Як заўважыў Сяргей Дзмітрыевіч, перазімавалі культуры добра, у тым ліку і патрабавальны да вільгаці рапс, плошчы якога тут складаюць 200 гектараў.

З яравых культур у прыярытэце кукуруза і пшаніца. На долю апошняй прыходзіцца 130 гектараў. Перавагу гэтай культуры ў гаспадарцы аддаюць зыходзячы з бальнасці раллі , якую мясцовыя аграрыі пяшчотна называюць пшанічнай. У мінулым годзе ААТ “Агра-Кобрынскае” рэалізавала дзяржаве 2200 тон пшаніцы вышэйшага гатунку. Менавіта гэтую культуру высяваў у час майго прыезду ў гаспадарку адзін з лепшых механізатараў Сяргей Жолах. Як заўважыў Сяргей Селівестраў, яравую сяўбу пры спрыяльных умовах надвор’я ў гаспадарцы плануюць завяршыць у першай дэкадзе мая. Фронт работы, улічваючы, што на сяўбе заняты адзін пасяўны агрэгат, на гэты тэрмін “салідны”.

Нагадаем, што акрамя вытворчасці малака і мяса, у ААТ “Агра-Кобрынскае” добра развіта агародніцтва. Тут аддаюць перавагу цукровым і сталовым буракам, моркве, капусце, бульбе. Агародніна ў апошні час пераважна трапляе на спажывецкі стол да кабрынчан, у тым ліку ў сталовыя школ і дзіцячых садоў.

Вясновая сяўба — толькі частка планаў мясцовых аграрыяў, а колькі іх яшчэ наперадзе. І добра, што ў вяскоўцаў для іх ажыццяўлення ёсць неабходнае: абсталяванне, тэхніка, а галоўнае — вялікае жаданне здзейсніць задуманае.

Людміла ДУБІНА

НА ЗДЫМКУ: Сяргей Жолах і аграном Віктар Малюк кантралююць якасць збожжа.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"