ГАРАДЗЕЦ
Колішні палацава-паркавы комплекс. Мястэчка Гарадзец,
паводле працы польскага даследчыка Марэка Газдава («Tегуtorjum Dawnej Ziemi
Brzeskiej»), упамінаецца ў летапісах з 1287 г. Належала да Кобрынскай
эканоміі, размяшчалася над Каралеўскім каналам (пасля 1846 г. канал
называецца Дняпроўска-Бугскі).
Каля 1465 г. кобрынскімі князямі тут была пабудавана Ільінская царква.
Каталіцкая парафія ўзнікла ў Гарадцы разам з узвядзеннем касцёла праз
фундацыю караля Уладзіслава IV. У 1563 г. у Гарадцы была праведзена
каралеўская рэвізія, паводле якой упершыню з'явіліся запісы пра назвы вуліц
Гарадца (Кобрынская, Прышахоцкая, Пiнская, Грушаўская, Ілінская, Базарная і
інш.).
У 1586 г. Гарадзец перайшоў па спадчыне каралеве Ганне Ягелончык, дачцэ
каралевы Боны і Жыгімонта I Старога. Ганна, як і яе маці, была актыўнай і
мэтанакіраванай у вырашэнні гаспадарчых і палітычных спраў, мела
рэфарматарскі дух. Каб стымуляваць развіццё рамяства, гандлю і ў цэлым усіх
гаспадарак, новая каралева 5 студзеня 1589 г. асабіста ўручыла Кобрыну і
Гарадцу прывілей на права самакіравання (Магдэбургскае права). Але Гарадцу
не было дадзена права мець уласны магістрат як адміністрацыйны орган улады.
Гарадзец. Палац. 3 малюнка Ю.Крашэўскага сярэдзіны XIX ст.
У 1784 г. у Гарадцы затрымаўся праездам цераз ПІарашова, Шчарчова і Кобрын
на Гродзенскі сейм апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Кароль быў вельмі зацікаўлены каналам, выказаў жаданне асабіста агледзець
яго і застаўся задаволены яго станам. Канал даваў магчымасць мясцоваму люду
перапраўляць свае тавары аж да Гданьска, а таксама пашыраў іх надзелы за
кошт асушанай зямлі. Калі кароль плыў на велізарнай лодцы, накрытай
балдахінам, на ўсім шляху караля віталі тысячы мясцовых жыхароў ... У гонар
канала, які пасля наведвання манархам Рэчы Паспалітай атрымаў назву
Каралеўскі, у 1786 г. быў выбіты медаль.
Палацава-паркавы ансамбль у Гарадцы ўзнік пры Ордах, якія сталі
ўладальнікамі сядзібы ў 1808 г. Паводле малюнка Юзафа Крашэўскага, палац
складаўся з рознавялікіх аб'ёмаў, меў гладкую тынкоўку, вялікія вокны,
высокі падмурак. Перад парадным уваходам існавала вялікая круглая клумба.
Найбольш верагодна, што палац быў зруйнаваны яшчэ ў 1-ю сусветную вайну. Пра
існаванне ў Гарадцы некалі шыкоўнага палацава-паркавага ансамбля нагадваюць
адзінкавыя старыя дрэвы.
ЗАПРУДЫ
Колішняя сядзіба роду Маераў. Узнікла на тэрыторыі сярэдневяковага замчышча. Да цяперашняга часу тут захаваліся рэшткі абарончых умацаванняў (валы і равы), якія ў плане нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі. Да 2-й сусветнай вайны сядзіба належала Маерам. Дом не захаваўся. Ён быў разабраны ў пасляваенны час. На месцы ансамбля размясцілася базавая школа. Будынак школы ўзведзены на месцы існавання сядзібы. Дом быў драўляны, аднапавярховы, накрыты гладкім двухсхільным дахам. 3 боку цэнтральнага пад'езда меўся невялікі ганак.
Захавалася частка парку ў паўночна-заходняй частцы сядзібы. У парку растуць
клёны, ліпы, дубы, шмат ляшчыны, акацый, побач сочыцца крыніца, непадалёку
існуе штучная сажалка.
ІМЯНІН
Колішні маёнтак. Размяшчаецца за 0,5 км на паўночны захад ад в. Імянін. У пісьмовых крыніцах в. Імянін упершыню ўпамінаецца ў 1563 г. Сядзіба з'яўлялася радавым гняздом Навумінскіх. Парк закладзены ў 2-й палове XIX ст. Цэнтрам кампазіцыі быў сядзібны дом, пабудаваны з дрэва, аднапавярховы, па цэнтры мансардны, вылучаны невялікім ганкам на драўляных слупах. Парк не вылучаўся кампазіцыйнай дасканаласцю. У пасляваенны час у ім размяшчалася воінская часць, асноўны дрэвастой знішчаны. Захаваўся колішні мураваны будынак кашары.
Імянін. Будынак колішняй кашары.
КАМЕНЬ
Колішняя сядзіба роду Сулкоўскіх. У пісьмовых крыніцах
упамінаецца пад назвай Камень Каралеўскі ў 1563 г. Захавалася частка
аб'ектаў сядзібы (жылы дом, гаспадарчыя пабудовы, парк). На месцы ансамбля
месціцца базавая школа. Дом драўляны, аднапавярховы, з нізкім дахам. Будынак
практычна не перабудоўваўся. У цэлым фасад захаваў аўтэнтычнае аблічча,
знаходзіцца ў добрым стане. Пабудаваны ў другой палове XIX ст. Пасля 2-й
сусветнай вайны перададзены гаспадарамі пад класы для навучання мясцовых
дзяцей. Унутры перапланаваны пад патрэбы школы.
Пейзажны парк, закладзены разам з будаўніцтвам дома, захаваўся часткова.
Асноўную тэрыторыю сядзібы займаў пладовы сад. Усю сядзібу абкружаў абвадны
канал, які ў паўночна-заходнім баку злучаўся з невялікай сажалкай выцягнутай
формы. Былыя будынкі аборы, стайні, сыраварні і інш. знішчаны. Часткова
захавалася ўязная алея, абсаджаная ліпай, бярозай.За 0,7 км на захад ад
вёскі Камень каля дарогі на Кобрын існуе курган з гістарычным
каменем-валуном. Надпіс на ім сведчыць пра пахаванне ў 1637 г. шляхціца
Вадзілы Нічыпаровіча.
ПЛЯНТА
Колішні палацава-паркавы ансамбль. Паводле даследавання Р.Афтаназы, маёнтак належаў роду Петрашэўскіх, пазней перайшоў да генерала Зданьскага, герб «Корніч». Яшчэ да 1-й сусветнай вайны маёнтак падлягаў падзелу і распрадажы. 3 1920-х гадоў і да 2-й сусветнай райны ў палацы працавала сельскагаспадарчая школа для дзяўчат. Дырэктарам гэтай школы да 1939 г. была Смоляр.
Плянта. Паркавы фасад палаца. 1920 г.
Палац, у якім размяшчалася школа, уяўляў сабою аднапавярховы будынак, у
плане прамавугольны, з шырокімі вокнамі. На архіўным здымку адлюстраваны
паркавы фасад палаца. Па цэнтры фасада выступаў паўкруглы двух'ярусны
рызаліт, накрыты стажковым дахам. Увесь палац накрываў чатырохсхільны высокі
дах. Паводле ўспамінаў старажылаў, цэнтральны ўваход у палац быў акцэнтаваны
невялікім ганкам на калонах.
Унутраная планіроўка палаца анфіладная. Меліся 2 круглыя залы для гасцей,
адна на першым, другая — на другім мансардным паверхах. Архітэктурны стыль
палаца сведчыць, што ён пабудаваны ў XVIII ст. У 1939—1941 гг. у будынку
палаца-школы пасяліліся рускія перасяленцы, а вышэйназваная дырэктар Смоляр
выехала ў Польшчу. У пачатку вайны ў 1941 г. немцы спалілі палац. 3
гаспадарчых пабудоў засталася стайня, якая выкарыстоўваецца мясцовымі
жыхарамі пад жыллё. У старадаўнім пейзажным парку пасля вайны размяшчалася
МТС. Большая частка парку знішчана, засталіся адзінкавыя векавыя дрэвы і
фрагменты алей.
Друкуецца са скарачэннямі па кн.: Несцярчук Л.М. Замкі, палацы, паркi
Берасцейшчыны X— XX стагоддзяў. Мн., 2002. С. 190-191, 194-196, 201-202.
А.М.Кулагін
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.