Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Духовная культура

Рэнесансавая мэбля ў Беларусі

Паводле матэрыялаў Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава

Бытавая мэбля для абсталявання жыллёвых інтэр'ераў узнікла ў Заходняй Еўропе ў XV ст. пад непасрэдным уплывам культавай мэблі пасля таго, як сталяры вынайшлі для яе новую канструкцыю — рамачна-філянговую вязку з адносна тонкіх дошак замест драўляных брускоў, якія ўжываліся раней. Гэтаму папярэднічалі і паспрыялі тэхнічна-тэхналагічныя вынаходніцтвы ў галіне механічнай апрацоўкі драўніны (у 1320— 1322 гг. з'явіліся першыя лесапільні). Падобныя абставіны садзейнічалі з'яўленню добра сканструяванай сталярнай мэблі з дошак. Яна вылучалася тэктанічнымі канструкцыямі архітэктурных формаў, якія патрабавалі, аднак, новых дэкаратыўных вырашэнняў (розных відаў чляненняў і пластычнай аздобы філёнку). Такія навацыі ўжо былі характэрнымі для гатычнай мэблі, уплывы якой прыкметныя не толькі ў мэблі з рэнесансавымі рысамі, але і з барочнымі і нават у мэблі пазнейшых часоў. Таму вельмі складана вызначыць «узрост» мэблі, бо ён часта не адпавядае вядомай мастацтвазнаўцам стылістыцы ...

... Да мясцовай работы можна аднесці і кобрынскую кароткую, на 2 асобы, канапу каркаснай канструкцыі з плоскімі цвёрдымі падлакотнікамі, мяккім сядзеннем і спінкай, абабітымі карычневым дэрмацінам пры дапамозе латунных шматпялёсткавых кнопак-цвікоў. Каркасная канструкцыя падкрэслена разьбяным раслінным дэкорам на чатырох ніжніх дашчаных праножках, якія замацоўваюць устойлівасць точаных з чатырох шароў ножак. 3 трох такіх жа точаных шароў утвораны пярэднія стойкі падлакотнікаў. Спінка рамнай канструкцыі прамавугольная; глухой разьбой аздоблена карнізападобная папярочная перакладзіна. У разьбе выкарыстаны папулярны ў час рэнесансу арнамент сакавітых акантавых сцяблоў, якія, мудрагеліста выгінаючыся, утвараюць на спінцы эсаўніца-падобныя фігуры. На праножках маштаб сцяблоў аканту меншы, але ўсе яны стылістычна аднолькава выкананы і ствараюць арнаментальны рытмічны фрыз у нізе канапкі (Кобрынскі ваенна-гістарычны музей).

Акрамя мэблі мясцовых майстроў у беларускіх музеях захоўваецца рэнесансавая мэбля, вырабленая заходне-еўрапейскімі майстрамі. Найбольш значная калекцыя такой мэблі знаходзіцца ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі. Прыкметна, што яе паходжанне можна звязаць з Германіяй. Мастацкую каштоўнасць рэнесансавага стылю мае рама прамавугольнай формы, разьбяная кампазіцыя якой утворана з чатырох буйных гарэльефных галовак пуцці сярод высокарэльефных крылаў і лісця аканту, якія аб'ядноўваюць усю кампазіцыю з чатырох бакоў. Па вуглах размешчаны драбнейшыя гарэльефныя галоўкі анёлаў сярод здвоеных лістоў аканту. Акрамя таго, буйныя і драбнейшыя галоўкі злучаюцца разьбянымі гірляндамі. Увесь гарэльефна-скразны дэкор рамы ўтрымліваецца на вузкай рамачцы, аздобленай маўрытанскім стужачна-пляцёнкавым арнаментам, выкананым у тэхніцы глухой нізкарэльефнай разьбы.

Вядома, што самай распаўсюджанай мэбляй у эпоху Адраджэння быў куфар. Характэрны ў гэтым аспекце куфар нізкі, прамавугольнай формы, выцягнутай па гарызанталі, пастаўлены на нізкім цокалі. Канструкцыйна-дэкаратыўнае вырашэнне архітэктанічнае. Увесь прамавугольны аб'ём па вертыкалі чляніцца трыма філёнгамі на тры часткі, якія ў плане падкрэслены невысокімі бакавымі рызалітамі, што адгіавядаюць шырыні бакавых філёнгаў. Яны аздоблены высокарэльефным матывам «ормушлі» (маскарон сярод двух валютных элементаў уверсе і аднаго ўнізе). Цэнтральная філёнга ўпрыгожана высокарэльефным гратэскавым арнаментам, выкананым з вялікім артыстызмам, акаймавана фрызам з дэнтыкуламі. Такі ж матыў размешчаны на цокалі вечка. Бакавыя філёнгі аблямаваны двайным зубчастым фрызам. Цокальны фрыз утвораны з лісця аканту і аб'ядноўвае тры філёнгі ў адзіны аб'ём. Цэнтральная частка цокаля, што знаходзіцца паміж бакавымі рызалітамі, дэкарыравана арнаментам з нізкарэльефных пальмет. Аналагі куфра не выяўлены.

Тыповымі ўзорамі рэнесансавых крэслаў з'яўляюцца экспанаты Кобрынскага музея. Адзін з іх — дашчанае крэсла з разной спінкай і точанымі нахіленымі ножкамі, сканструяванымі з чатырох балясін. Асноўную дэкаратыўную нагрузку майстар надаў спінцы складанага прафіляванага абрысу, які паўтарае форму барочнага шчыта, аздобленага глухой разьбой двума сакавітымі 5-падобнымі сцябламі аканту з кветкамі на канцах. У цэнтры спінкі размешчаны скразны авальны праём, акаймаваны разьбяным вянком значна драбнейшага, чым сцёблы, маштабу.

Канструкцыя другога крэсла каркасная, сядзенне і спінка паўмяккія, абабітыя пазбаўленай дэкору скурай пры дапамозе цвікоў з круглымі галоўкамі. Чатыры прамыя праножкі ўнізе і чатыры пасярэдзіне вышыні пярэдніх ножак падкрэсліваюць каркасны характар крэсла. Архітэктанічная будова ножак створана з точаных элементаў: унізе сплясканы шар, потым куб, «дзенежка», балясіна, брусок, усё завяршаецца такой жа балясінай. Стойкі спінкі прамавугольныя, неарнаментаваныя, увянчаны разьбяной фіялай у выглядзе льва з раскрытай пашчай. Асноўную ўвагу сталяр скіраваў на аздобу ножак і стоек. Абівачныя цвікі выконваюць функцыю дэкаратыўных элементаў.

Трэцяе крэсла зроблена ў стылі італьянскага рэнесансу: канструкцыя каркасная, спінка высокая, сядзенне і спінка абцягнуты скурай. Дзве праножкі без дэкору, бакавыя — прафіляваныя. Пярэдняя праножка падзяляе вышыні ножак папалам і вылучана багатай глухой і скразной разьбой — у цэнтры размешчана авальнай формы шматпялёсткавая кветка паміж двух лісткоў, абапал — узоры маўрытанскага стужачнага пляцення. Ножкі точаныя, чляненні архітэктурныя: маюць выгляд калон з энтазісам, базай і капітэлямі. Разьбяныя стойкі спінкі завершаны фіяламі ў выглядзе галоў львоў з лапамі, у якіх яны нібы трымаюць скураную абіўку з ціснёным у прамавугольнай рамцы гратэскавым арнаментам. Маскарон у выглядзе жаночай галоўкі знаходзіцца ў авальным медальёне і размешчаны на фоне шчыта барочнай формы. Шчыт фланкіруюць спіральна выгнутыя сцяблы аканту, завершаныя буйнымі кветкамі, з якіх звісае гірлянда з садавіны і кветак. На скураной абіўцы спінкі ў прафіляванай рамцы так-сама выціснуты гратэскавы арнамент і барочнай стылістыкі шчыт, які знаходзіцца ў цэнтры. Ніжэй за яго размешчаны маскароны ў выглядзе галавы льва, вусы якога спіральна закручваюцца, выходзячы за межы галавы і пераходзячы ўверсе ў выяву грыфона з паднятымі крыламі, а ўнізе — у галоўкі дэльфінаў. 3 іх пашчаў звісаюць гірлянды з драпіроўкамі і садавінай, якія падтрымліваюцца спіралямі, што ідуць ад шчыта. У сегментах, утвораных прафіляванай рамай, выціснуты васьміканцовыя зорачкі, якія паўтараюць канфігурацыю абівачных цвікоў, што выконваюць і функцыю дэкаратыўных элементаў. Захоўваюцца ў Кобрынскім музеі і асноўныя тыпы рэнесансавых крэслаў італьянскага і нямецкага паходжання. Крэсла № 1 каркаснай канструкцыі з вітымі ножкамі-стойкамі, з абабітымі тканінай мяккімі спінкамі і сядзеннем. Ножкі абапіраюцца на залачоныя львіныя лапы, стойкі спінкі завершаны залачонымі галоўкамі львоў. Арыгінальнае вырашэнне маюць праножкі рамнай канструкцыі. Яны, па сутнасці, з'яўляюцца залачонымі рамамі са складана-прафіляваным абрысам, якія абрамляюць чатыры пейзажныя кампазіцыі, напісаныя алеем (шэраг дрэў з зялёнымі кронамі відаць на фоне высокага неба пад час заходу сонца). Тэхніка размалёўкі мэблі алеем і золатам, выкарыстанне ў аздобе рамных канструкцый крэслаў характэрныя для мэблі часоў італьянскага Адраджэння.

Цікавае канструкцыйнае і дэкаратыўнае рашэнне стоек гнутых магутных падлакотнікаў, якія завершаны плоска-рэльефнымі паўвалютнымі абрысамі з вусікам і жамчужнай абнізю. На ўнутраных паверхнях плоскіх стоек напісаны золатам па чорным фоне рэнесансавы дэкаратыўны матыў (выява валюты і вушной ракавіны), на знешняй паверхні гэты ж матыў выкананы ў тэхніцы плоскай глухой разьбы. Вуглавыя часткі пярэдняй царгі змаляваны выявамі двух маскаронаў у выглядзе галоў ільвоў (у аднаго з іх барада мае выгляд акантавага ліста). Паколькі ў дэкоры спалучаюцца рысы італьянскага рэнесансу і ранняга італьянскага барока, крэсла можна датаваць канцом XVI ст.

Крэсла № 2 зроблена таксама ў стылі італьянскага рэнесансу. Яго канструкцыя каркасная. Дашчаная высокая спінка і квадратнае сядзенне паўмяккія, абцягнутыя скурай, абабітыя цвікамі з шырокімі канічнымі галоўкамі, якія выконваюць і дэкаратыўную функцыю. Ножкі, падлакотнік і стойкі прамыя, неарнаментаваныя.

Тарцовыя праножкі здвоеныя (ніжнія і верхнія): ніжнія заканчваюцца разьбяной стылізаванай лапай, верхнія маюць прапілаваны (прафіляваны) ніжні край. Фасадная шырокая разьбяная праножка прылягае да верхняй рамы каркаса. Яе дэкор складаецца з дзвюх шасцігранных фігур, аб'яднаных вертыкальнай цягай. Рамная канструкцыя сядзення абцягнута скурай, на якой выціснуты афарбаваны светла-жоўтым па карычневым фоне маўрэскавы арнамент. Яго спінка высокая, абабіта вышэй падлакотнікаў скурай, на якой таксама выціснуты афарбаваны чорным па карычневым фоне шахматны арнамент. Разьбяныя, аздобленыя дубовым лістом, стойкі высока выступаюць над ёй.

Канструкцыя крэсла № 3 рамна-каркасная. Тры праножкі прамавугольныя, без дэкору, пярэдняя мае выгляд шырокай, арнаментаванай глухой разьбой дошкі, яе ніжні зубчасты край выкананы ў тэхніцы прапілоўкі. Арнамент двухпалосны: больш шырокі ўтвораны дзвюма падоўжнымі цягамі са спіральна выгнутымі канцамі, якія, з'яднаўшыся вакол круглага медальёна, ствараюць сігмападобную фііуру. Гэты рапорт тройчы паўтараецца ў паласе. Вузкі ніжні арнаментальны пояс уяўляе сабой абрамленне з барочных рытмічна паўторных S-падобных элементаў. Архітэктоніка пярэдніх стоек падлакотнікаў складаецца з прамавугольнай базы, чатырохграннай балясіны і дарычнай капітэлі. Паўмяккія высокая спінка і прамавугольнае сядзенне абабіты скурай пры дапамозе цвікоў з буйнымі латуннымі галоўкамі, якія з'яўляюцца важным дэкаратыўным элементам. Стойкі спінкі завершаны фіяламі. Падлакотнікі прамыя, шырокія і заканчваюцца валютамі. У прапорцыях крэсла яшчэ захоўвае рысы дамінуючых у готыцы вертыкальных ліній, але ў дэкоры ўжо пераважаюць рэнесансавыя матывы.

Аналізуючы асноўныя стылістычныя рысы беларускай рэнесансавай мэблі, можна адзначыць, што для яе характэрны сапраўды дэкаратыўны рэалізм. Асабліва прыкметны ён у скульптурным фігуратыўным дэкоры, які часта сустракаецца на вядомай нам мэблі. Напрыклад, пры выкарыстанні ўласцівых заходнееўрапейскаму рэнесансу дэкаратыўных матываў атлантаў і гермаў пінскі разьбяр надае ім не антычны тыпаж і нават не тыпаж сярэдневяковых гарадскіх прасталюдзінаў, а сялянскі, падкрэсліваючы іх працавітыя і ўкарочаныя рукі з моцнымі біцэпсамі, галовы, каржакаватыя торсы, пышныя закручаныя вусы, кароткія бароды. У мадэліроўцы твараў атлантаў і гермаў ён нібы надае ім партрэтныя характарыстыкі, дэтальна прапрацоўваючы форму носа, скул, надброўных дуг, ілба з маршчынкамі, форму і лініі вуснаў, што выглядаюць з-пад вусоў, позірк вачэй. Усе гэтыя прыёмы дазваляюць нават прыдаць тварам канкрэтную псіхалагічную характарыстыку: у выніку твар у гермы ўяўляецца нам нібы збянтэжаным ад таго, што ён не апрануты, а толькі прыкрыты тканымі драпіроўкамі, як гэта рабілі старажытныя рымляне. Такі душэўны стан узмацняецца і размяшчэннем рук: правам ён сарамліва прытрымлівае набедраную павязку, левую прыціскае да грудзей, нібы просячы прабачэння за аголенасць цела.

Такім чынам, можна адзначыць, што ў рэнесансавых мэблевых дэкорах адлюстроўвалася агульнае рэнесансавае светаўспрыманне майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое выявілася ў імкненні паказаць сучасных ім людзей, іх звычкі, паводзіны, паставіўшы ў цэнтр Сусвету чалавека. Дарэчы нагадаць, што партрэтныя выявы былі характэрны ў гэты час і для рэльефных аздоб беларускай кафлі і для кніжных аздоб, выдадзеных Ф.Скарынам. Увогуле, беларускі партрэт, жывапісны і скульптурны, у гэты час стаў прыкметнай з'явай нашага мастацтва.

Акрамя рэалістычна трактаваных фігуратыўных скульптурных дэкораў у беларускай мэблі ўжываліся маскароны, арнаменты раслінныя (з сакавітых лістоў аканту і галінак вінаграду), гірлянды, пальметы «ормушлевыя», яковачныя, маўрэскавыя і гратэскавыя, часам закампанаваныя ў картушавыя кампазіцыі. Для крэслаў былі характэрны высокія спінкі, прамыя ножкі, аб'яднаныя ў рамную канструкцыю праножкі, часам ужываліся падлакотнікі.

М.М.Яніцкая.
Друкуецца па кн.: Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння: Зборнік артыкулаў. Мн., 1994.