Прыкладна да сярэдзіны XVI ст. дакладнага падзелу гаспадарскіх зямельных уладанняў на дзяржаўныя і асабісты дамен (уладанне) вялікага князя не існавала. Яны па сутнасці былі дзяржаўнай уласнасцю: даходы з іх ішлі як на пакрыццё выдаткаў дзяржавы, так і на ўтрыманне вялікага князя літоўскага і яго шматлікага акружэння.
Перавозка тавараў, прызначаных для гандлю. 3 гравюры XVI ст.
На каранацыйным сейме 1588 г. для забеспячэння даходамі велікакняжацкага прастола з дзяржаўных уладанняў былі выдзелены так званыя «сталовыя маёнткі», якія потым называліся эканоміямі: Аліцкая, Берасцейская, Гарадзецкая, Камянецкая, Кобрынская, Магілёўская, Шавельская.
76-я старонка «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі» 1563 г. («Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 г. королеским ревизором Дмитрием Сапегою, с присовокуплением актов Браславского земского суда, относящихся к Кобринской Архимандрии». Вильна, 1876).
Кобрынская эканомія фактычна ўзнікла ў 1519 г. як староства,
аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформілася ў 1532 г., калі
каралева Бона атрымала ад Жыгімонта I Старога правы на
Кобрынскае староства. У адміністрацыйных адносінах
уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 г. у Берасцейскае
ваяводствы. Канчаткова Кобрынская эканомія як «сталовае
ўладанне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх
прыбытках» 1589 г. у выніку падзелу паміж дзяржаўным і
каралеўскім скарбам. Апрача Боны ў XVI–XVII ст. Кобрынскай
эканоміяй валодалі каралевы Ганна Ягелонка і Канстанцыя
Аўстрыйская.
У 1549, 1563 і 1597 гг. праводзіліся рэвізіі, матэрыялы якіх
з'яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай. На 1563 г. у
Кобрынскай эканоміі было каля 77 тыс. дзесяцін зямлі, у т.л.
89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных
за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны),
мястэчка Гарадзец. Добрая арганізацыя працы, інтэнсіфікацыя
гаспадарчай вытворчасці, асваенне новых зямель (меліярацыя,
высяканне лясоў) у спалучэнні з узмацненнем эксплуатацыі
сялян павысілі даходнасць эканоміі пад канец XVIII ст. амаль
у 8 разоў.
З пачатку XVIII ст. Кобрынская эканомія збліжаецца з
Брэсцкай, разам яны паказаны ў інвентарах, рэвізіях,
кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. У 1757
г. Ежы Флемінг атрымаў агульнае дзяржаўства на Брэсцкую і
Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 гадоў. Замест падзелу на
воласці (Кобрынская, Блудзенская, Вежацкая, Гарадзецкая,
Дабучынская, Чаравачыцкая) і войтаўствы адбыўся падзел на
губерні і ключы, да якіх дапісваліся яшчэ асобныя вёскі,
фальваркі і інш. Такім чынам узнікла Кобрынская губерня з 8
ключоў: Кобрынскага (г. Кобрын і Агароднікі Кобрынскія,
вёскі Дубавое, Ляхчыцы, Лягаты, Паляцічы, Патрыкі, Плоскае,
Руховічы, Сухоўчыцы і Хідры, фальваркі Гарыздрычы і Залессе),
Вежыцкага (Агароднікі Вежыцкія, вёскі Глінянкі, Лышчыкі,
Мацясы, Песцянькі і Стаўпы), Гарадзецкага (мястэчка Гарадзец,
вёскі Асмолавічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін
і Чалішчавічы), Закросніцкага (вёскі Закросніца, Астромічы,
Быстрыца, Сялец і Турная), Літвінкаўскага (вёскі Літвінкі,
Вострава, Кляшчы, Ластаўкі і Пруска), Ілаўскага [вёскі
Ілаўск, (Іласк), Баршчы, Бярозна, Засімы, Лушчыкі і Стрыі],
Тэвельскага (вёскі Тэўлі, Залессе, Мацы і Рынкі),
Чаравачыцкага (Агароднікі Чаравачыцкія, вёскі Батчы,
Глінянкі, Мельнікі, Перкі, Пескі, Шыповічы і Яскаўчыцы), да
якога яшчэ былі прыпісаны фальварак і сяло Шматы, фальваркі
Адамкаў, Пельчыцы і Фаўстынаў, сяло Плоскае.
Сяляне на сенажацi. З
сярэдневяковай гравюры.
Ваенныя дзеянні, агульны гаспадарчы заняпад прывялі да
скасавання ў 1766 г. самакіравання, але Кобрынская эканомія
захавалася. Яе рэарганізацыяй заняўся ў 1768 г. Антоній
Тызенгаўз. Аднак скарачэнне колькасці насельніцтва,
прыцягненне значных сіл на будаўніцтва Каралеўскага канала,
агульнае палітычнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне не далі
станоўчых вынікаў. У 1795 г. Кобрынская эканомія ўвайшла ў
склад Расійскай імперыі. Землі эканоміі з сялянамі былі
падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.
Л.Р.Казлоў
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.