Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Интересные статьи

Разбураныя гнёзды

Лёс ураджэнцаў Кобрыншчыны, высланных з 1940 па 1950-я гады за межы Беларусi, у iх мемуарах i ўcпамiнах

Да ведают потомки земли сей
православной
Историю свою.

А.С. Пушкин

У канцы 1939 года ў Заходняй Беларусi разгарнулася кампанiя па барацьбе з “ворагамi”. НКУС была сфабрыкавана версiя пра iснаванне заканспiрыраванага падполяя i “польска-фашысцкай агентуры”. За саўдзел у супрацоўнiцтве з варожымi шпiёнамi абвiнiлi i многiх кiраўнiкоў рэспублiкi. Былi арыштаваны старшыня СНК БССР А.Ф. Кавалёў, другi сакратар ЦК КП (б) А.А. Ананьеў, рад партыйных i дзяржаўных дзеячаў. Большасць арыштаваных, нягледзячы на недаказанасць вiны, былi вывезены з Беларусi, многiя загiнулi ў лагерах. З пачатку 1940 г. ў заходняй абласцях Беларусi пачалiся рэпрэсii супраць былых членаў каланiяльнай адмiнiстрацыi i ваеннаслужачых польскай армii.

У 1949 г. пачалася масавая калектывiзацыя. У вынiку да канца 1950 г. 80 % сялянскiх двароў было аб׳яднана ў калгасы. Не абышлося i без лiквiдацыi кулацтва як класа. Раскулачваць пачалi не толькi кулакоў, але i сераднякоў, якiя не хацелi ўступаць у калгасы. Усё нажытае селянiнам, уключаючы жыллёвыя пабудовы, пры раскулачваннi пераходзiла ва ўласнасць калгасаў. Напрыклад, у акце опiсi i ацэнкi маёмасцi, канфiскаванай у Маркавай Праскоўi Сiльвестараўны в. Травы Павiццеўскага сельсавета Кобрынскага раёна) чытаем. [3]

I. Карова масцi цёмнай весам 300 кг 1000 руб.
II. Авечкi белыя (2) 500 руб.
III. Сукно шэрага i чорнага колеру (10 м) 210 руб.
IV. Конь з хамутом (1) 2000 руб.
V. Боты старыя (1) 150 руб.
VI. Шафа ў разабраным вiдзе (1) 50 руб
_________________
3910 рублей

Тысячы сялянскiх сем′яў былi выселены за межы рэспублiкi. Цяжка ўявiць, але большасць народа не сумнявалася ў справядлiвасцi навешаных на сумленных людзей ярлыкоў. У рэзалюцыях сходаў, мiтынгаў, у пiсьмах працоўных змяшчалiся патрабаваннi жорсткай расправы над “ланцуговымi сабакамi фашызму” i “завярбованымi i пакiнутымi для шпiёнскай работы агентамi”. Спатрэбiлiся дзесяцiгоддзi, каб стэрэатыпы сталiнiзму пачалi разбурацца.

Не абмiнула сваёй «ласкай» i «ўвагай» таталiтарная сiстэма i шматпакутную кобрынскую зямлю. Больш за 100 чалавек былi асуджаны да розных год ад (3 да 15) зняволення ў ППЛ. Напрыклад, Янчук Сiдар Дзмiтрыевiч, жыхар в. Павiцце, быў асуджаны ў 1944 годзе з канфiскацыяй маёмасцi. Яму пашчасцiла вярнуцца ў родную вёску. А вось Паддубны Георгiй Мiхайлавiч 29 лiстапада 1939 г. быў расстраляны 16 лiстапада 1955 года.

Каля двухсот чалавек з 1939 па 50-ыя гады былi высланы за межы Беларусi (Казахстан, Алтайскi край i iншыя месцы), а пазней рэабiлiтаваны. Галiна Шпак жыве ў горадзе Шчэцiн (на мяжы Польшчы з Германiяй). Жанчына не можа забыць сваю малую радзiму Кобрын, вулiцу Агароднюю (цяпер-Пушкiна), дзе знаходзiўся бацькоўскi дом, гiмназiю iмя Марыi Радзевiч, дзе вучылася. Ад усяго дарагога сэрцу Галiна была адарвана i выслана разам з мацi, сястрой i братам ў Казахстан, дзе прайшлi 6 год дзяцiнства i ранняй маладосцi, у слязах i трывозе, холадзе i голадзе, дзе толькi малiтва дапамагала не страцiць надзею i ўсё вытрываць. Хаця далёка не ўсе вярнулiся, многiя засталiся ў стэпавых магiлах. «Галава мая пакрыта сiвiзной, - пiша ў мемуарах Галiна Шпак, -але забыць перажытае нельга. Сёння здаецца, што гэта было, як у сне, i не са мной. [8]. Бацька Галiны, Петр Пятура, служыць у польскай палiцыi. У 1940 годзе загiнуў пакутнiцкай смерцю ва Усходняй Беларусi.

Сваю кнiгу Галiна Шпак прысвялiла дарагiм кабрынчанам, мiлым землякам. Нам яна данесла свае ўспамiны з мiнулага, каб ведалi гэта нашчадкi. Цiкавасць да тых новых бакоў жыцця, людзей, якiя адкрылiся перад Галiнай Шпак, нярэдка дапамаглi адцягнуць увагу ад уласных пакут.

Жыла сям′я Шпак у пасёлку Раздольны – 27. Дзiву даешся ад дзiкай неадпаведнасцi такой «паэтычнай» назвы i суровай рэчаiснасцi. Усiх высыльных паралiзаваў страх, за жыццё, за будачае, за выжыванне. У выпакутаваных людзей былi твары зацюканых звяроў. А на тварах «уладальнiкаў лёсаў» – сумесь нянавiсцi i пагарды. Нельга без жудасцi ўспамiнаць, як пiша Галiна, «чорныя крумкачы», крытыя, фарбаваныя цёмна – сiняй фарбай машыны. Унутры машыны падзелены на малюсенькiя цёмныя клеткi – кабiнкi, у якiх не было чым дыхаць. У iх вывозiлi людзей ад родных, ад звыклага жыцця, ад планаў на будачае. I некаторыя высыльныя, загнаныя бесчалавечнымi формамi жыцця, патроху пазбаўлялiся звыклых паняццяў пра дабро i зло, пра магчымае i немагчымае. У мемуарах “Насуперак лёсу – вярнулiся” – не толькi лёс сям′i Шпак, але i дзесяткаў высыльных, для якiх святымi былi словы: “Усе дарогi вядуць на Радзiму”.

Сям′i Шпак было маральна цяжэй, чым многiм высыльным яшчэ i ў тым сэнсе, што з-за бацькi, польскага палiцэйскага, некаторыя высыльныя пазбягалi iх. З-за гэтага, як пiша Галiна, яна была замкнутай, бачыла свет у чорных фарбах, хацела схавацца ад людскiх вачэй i пайсцi ў манастыр. Гэтае рашэнне супакойвала.

Кожны дзень сустракала як часовы, пераходны на шляху да мэты. Гэтае рашэнне ўзмацнiлi жудасныя несправядлiвасцi жыцця. “Мы, дзецi, а потым моладзь, выраслi ў голадзе i холадзе, акружаныя пагардай i варожасцю. Нашы мацi пастарэлi заўчасна ў нечалавечых умовах, пазбаўленыя дома, у барацьбе за выжыванне, шматгадовай барцьбе з лёсам”. Жывучы гадамi ў трагедыйным свеце становiшся пакорлiвым перад пастаянным болем, навучаешся часам нават адцягваць увагу ад яго. Лягчэй было тым, каму пашчасцiла працаваць на фермах, дзе-небудзь пры бальнiцах цi сталовых, а не ў руднiках Караганды. Хлебам, хлебам адзiным, адзiнай царыцай Пайкай дыхалi тут усе жывыя i паўжывыя. Невялiкай колькасцi яўрэяў удалося ўцячы ў Казахстан. Яны не згарэлi ў печах крэматорыя, але i не вярнулiся, як марылi, на гiстарычную Радзiму. Многiя назаўсёды засталiся ў руднiках Караганды.

Неймавернай радасцю было вяртанне. I самае дзiўнае, што нягледзячы нi на якiя былыя непаразуменнi цi нават варожасць памiж выселенымi, калi справа заходзiла пра Волю, нiхто не зайздросцiў тым, хто вызваляўся. Уладу бралi цудоўныя пачуццi Сурадасцi, Суперажывання. Многа слёз было пры развiтаннi, часцiнку душы, сэрца, жыцця яны пакiдалi тут, у бяскрайнiх стэпах Казахстана. Вярталiся нi ў кiбiтках, нi пешшу, а ў “быдлячых” вагонах, запоўненых высыльнымi. Гэты пранiзлiвы жудасны вiск лакаматываў, што цягнулi сотнi вагонаў для скацiны, праследаваў праз гады. А за сценамi вагонаў пахла палямi, былi цудоўныя зорныя ночы, а поезд дзень за днем разам з сонцам на працягу двух тыдняў рухаўся на захад. Дзяўчаты спявалi, а Галiна акампанiравала на сваёй гiтары. Гiтара была для дзяўчыны найдаражэйшай рэччу, падарункам бацькi, сведкам усяго, што перажыла Галiна ў высылцы. Яшчэ везла Галiна 2 сшыткi з малюнкамi, спадзявалася, што пакажа бацьку моманты жыцця (якога б не было, а жыцця) ў высылцы. Да апошняга не верыла дзяўчына, што няма ў жывых дарагога чалавека. Сны па дарозе дадому былi цяжкiмi, уяўлялiся розныя зданi, урач не памылiўся, сказаўшы, што ў Галi нервовы зрыў. Пазбавiцца ад яго дапамагала гiтара. Мацi Галiны таксама не магла пазбавiцца ад зданi ссылкi i радавацца свободнаму жыццю, што наблiжалася. Аднойчы яна сарвалася, выхапiла гiтару i растаптала яе ў бяссiльным адчаi. У вагоне ўсталявалася мёртвая цiшыня. Чуваць быў трэск iнструмента пад нагамi. Галiна адзервянела i з той хвiлiны наогул не магла спаць.

Калi наблiзiлiся да даўняй польскай мяжы i поезд спынiўся, людзi выходзiлi з вагонаў i станавiлiся на каленi, цалавалi зямлю, замiралi ў паклоне, дзяквалi Богу за свой шчаслiвы зварот. Накiравалiся да Брэста, да новай мяжы нашай Айчыны. Сям′я Шпак не магла не заехаць у Кобрын. Многае там было разбурана, у тым лiку i дом № 27 на вулiцы Пушкiна, ад якога засталiся толькi мармуровыя прыступкi. Не было сабачай будкi, каля якой закапалi шаблю бацькi. Памёр дзядуля, якi хрысцiў нас на развiтанне са слязамi. Адзiны дзядзька Адась прапаў без вестак. Сустрэча з горадам, з бабуляй была i радаснай, i сумнай. Здаецца, яшчэ навокал панавалi страх i смерць.

Кiрмаш пусты i цiхi. Не было там палешукоў, якiя прадавалi раней масла, сыр, грыбы. Не было яўрэяў, якiя хвалiлi свой тавар. Многа пралiлося iх бязвiннай крывi, варушылася ад болю зямля… Старая вулiца 3-га Мая была мёртвая, без цукернi, дзе дзецi i моладзь любiлi ласавацца прысмакамi; без дома манахаў, дзе выхоўвалiся хлопчыкi-сiроты. Вялiкая агава на плошчы Свабоды, якая распускалася чырвонай кветкай большай за вядро, напамiнала агарак свечкi. А вось касцёл i сiнагога засталiся непашкоджанымi. Родны горад надоўга такiм застаў ў памяцi.

Развiтвалiся з iм у цiшы i скрусе, у адчаi i трывозе. Пры перасячэннi мяжы на Бугу з болем азiрнулiся. На першай станцыi поезд закiдалi каменнямi, чулася: “Яўрэi, вяртайцеся ў Маскву”. Галiне ўрэзалася ў памяць дзяўчына ў каляровай сукенцы, якая спалохана прыцiскалася да рукi свайго хлопца – спадарожнiка i з расшыранымi вачыма лепятала яму штосьцi, паказваючы на нас. Было крыўдна i не верылася, што ўсiх, хто ехаў у вагоне, чакае воля, свой дом, не важна, якi, але свой. “I вось везлi нас, пакуль бяздомных, нежаданых, з мяшочкамi сухароў (не было клункаў, не было адзення, але сухары былi прыгатаваны, так як нiколi не ведалi, што нас чакае) далей на захад, але ўжо трывожна засумаваўшых. Трапiлi ў Шчэцiн. Было цяжка, нават сухары згадзiлiся. Маё жаданне пайсцi ў манастыр не здзейснiлася. Я, як старэйшая, была адказная за сям′ю: мацi хворая, брату з сятрой трэба было вучыцца. Я вымушана была iсцi на працу.

У апошнiх радках сваёй кнiгi Галiна Пятроўна ўспамiнае, што незадоўга па прыезде ў Польшчу сустрэла пажылую манахiню, расказала ёй пра сва асабiстыя жаданнi. Жанчына выслухала, уважлiва гледзячы на Галiну, i са спагадай параiла: “Дзiця, я пайшла ў манастыр, бо згубiла сям′ю ў Варшаўскiм паўстаннi. А ты маладая, павiнна нарадзiць i выхаваць дзяцей, каб жыццё прадоўжылася”. Гэтыя словы глыбока запалi ў сэрца Галiны. Праз некаторы час яна сустрэла хлопца – паляка, маладыя людзi стварылi сям′ю. Суседка Галiны пракаменцiравала гэта так: “Вось i споўнiлася воля Бога”. I паплыло жыццё.А нам засталася кнiга мемуараў, як сведка жудаснага перыяду гiсторыi, калi людзей, народжаных быць шчаслiвымi i дарыць шчасце, прымушалi паверыць, што яны, злачынцы, што яны не такiя, як iншыя. Кнiга гучыць як папярэджанне ўсяму свету ў барацьбе за правы i годнасць чалавека. Вельмi цiкавы i пазнавальны мемуары Нiны Хамянчук.

“Паважаная Нiна Мiкалаеўна, Ваша заява, адрасаваная ў УКДБ Рэспублiкi Беларусь па Брэсцкай вобласцi, намi разгледжана. Паведамляем, што высяленне Вас i членаў Вашай сям′i ў 1940 г, за межы Беларусi прызнана незаконным i ўсе, хто быў выселены рэабiлiтаваны. Намеснiк начальнiка Упраўлення КДБ Рэспублiкi Беларусь па Брэсцкай вобласцi 11 мая 1992 г. №X – 3418
В. Чарныш.

Гэта было ўжо ў 1992 годзе. А па звароце ў родны край у 1950 Нiна закончыла сярэднюю школу, паступiла ў юрыдычны iнстытут, але праз месяц яе адтуль выгналi. Год Нiна працавала ў калгасе, потым закончыла ў Брэсце таргова-кулiнарную школу, крыху папрацавала ў гандлi ў i злягла на 6 год з цяжкай хваробай (наступствы высылкi). Пазней працавала касiрам. Пенсiённы ўзрост даў магчымасць многа чытаць. Асаблiва цiкавiла ўсе, звязанае з рэпрэсiямi i калектывiзацыяй. Нiна Мiкалаеўна заўважыла, што апублiкаванага вельмi нямнога. Гэты непадняты пласт гiсторыi, аплачаны тысячамi чалавечых лёсаў i жыццяў, горкiя ўспамiны не даюць ёй спакою, стукаюцца ў сэрца. Так узнiкла кнiга ўспамiнаў.

Сям′я Хаменчукоў, ураджэнцаў вескi Глiнянка Кобрыскага раёна, была рэпрэсiравана ў 1940 годзе ў Казахстан, у горад Акмалiнск, а затым у працпасёлак №32 (на беразе Iшыма, каля яго вытока). Малым пяцiгадовым дзiцем як неблаганадзейны элемент прайшла Нiна са сваёй сям′ёй шлях высылкi i ўсе яе цяжкасцi.

Нарадзiлася Нiна ў вялiкай заможнай сялянскай сям′i. Яе дзед быў у Амерыцы на заробках i разам са сваiмi родзiчамi раскупiў зямлю памешчыка (25 дзесяцiн), саму сядзiбу, пабудовы якой цалкам згарэлi. Яны пабудавалi прыстойныя па тых часах дамы, добрыя гумны, хлявы для коней i скацiны; нават была вялiкая пчалiная пасека. У акрузе Хаменчукi лiчылiся багатымi людзьмi, былi паважанымi, асаблiва Нiнiн дзед Конан. Дзед умеў адстойваць зямельныя iнтарэсы свае i родзiчаў, умеў кiраваць, сваёй гаспадарскай. Некаторых дзяцей прывучаў да зямлi, некаторых стараўся вывучыць. Нiнiнага бацьку Мiкалая некалькi разоў выклiкалi ў Кобрын i 17 снежня ўжо не выпусцiлi пасля допыту. Куды вывезлi пасля кобрынскай турмы? Усё гэта невядома i па сённяшнi дзень.

Ранiцай, у 4 гадзiны па мясцовым часе, з′явiўся атрад салдат службы НКУС на чале з начальнiкам – афiцэрам, далi загад сабрацца як мага хутчэй. Сям′i пашанцавала вельмi (так казалi мацi i бабуля) ў тым сэнсе, што ў iх быў самы чалавечны начальнiк вываза з усяго, вiдаць, эшалона. Ён дазволiў браць усё, што толькi можна было пагрузiць на падводы i нават угаварыў бабулю ўзяць адну з праснiц ( як казалi ў вёсцы, калаваротак). Бабуля была невыказна ўдзячна яму ў Казахстане. Яна прала шэрсць даўно высланым жыхарам, якiя крыху абжылiся, i яны прыносiлi хвораму дзеду i дзецям малако, а на святы i яйкi. У голым стэпе праз 7-15 кiламетраў стаялi саманныя пасёлкi. Сям′ю Хаменчукоў пасялiлi ў бараку, у пакой, калi яго можна было так назваць, без падлогi i столi. Дзевяць чалавек жылi ў вузкiм длiнным пятнаццацiметровым заканурку. Два другiя пакоi былi заселены з 1933 г. украiнцамi. Суседзi былi мнагадзетнымi, але не галадалi: адзiн працаваў кавалём, а другi трактарыстам. Галадалi i ўмiралi з голаду iх родзiчы на Украiне, але гэта было вялiкiм сакрэтам.
Самае цяжкае было першае лета 1940 года. У пасёлку не было нi калодзежаў, нi калонак: колькi не свiдравалi грунт – вада не была прыгоднай для пiцця. Ваду бралi ў рацэ Iшым i ў возеры, дзе летам купалiся i жывелы, i людзi. У многiх сем′ях, у асноўным мнагадзетных, памерлi дзеткi ад скарлацiны i дызентырыi.

Пасля лета – не паспелi аглянуцца – наляцела зiма – без пераходаў, адразу з моцнымi марозамi, буранамi, непагаддзю. На Кастрычнiцкiя святы ўжо ляжаў снег у метр таўшчынёй, ён не правальваўся, калi па iм хадзiлi – цi бегалi. Самае страшнае, калi буран паганяў людзей у стэпе, далёка ад жылля. Былi выпадкi, калi гiнулi людзi. Аднойчы загiнула некалькi даярак, якiя вярталiся з фермы, што знаходзiлася за 5 км ад пасёлка. Яны замерзлi, выбiўшыся з сiл, а потым iх з′елi ваўкi. Ваўкоў было многа, нават сустракалiся ў пасёлку.

Столь i сцены да паловы пакоя, дзе жылi Хаменчукi, пакрылiся тоўстым слоем iню. Дзед стаў кашляць, задыхацца, а ў дзяцей з′явiлiся вошы, не толькi ў галовах, але i ў швах нiжняй бялiзны. Выратавацца ад iх усiмi спосабамi ўдавалася толькi на некалькi дзён. Мароз i голад. Голад i мароз. Чытаючы радкi мемуараў, думаеш пра тое, што душа жанчыны не акасцянела, здольна на далейшае развiццё, на разуменне новых з′яў жыцця.

Гiсторыя сям′i Хамянчук – канкрэтная гiсторыя канкрэтнай сям′i. Але ўспрымаецца яна як часцiнка агульнанароднай трагедыi. Лёс сям′i ў нечым падобны на лёс Раўбiчаў з “Аблавы” Быкава, Цiшкевiчаў з аповесцi К. Чорнага “Смага”. I ўгэтых творах, i ў мемуарах Галiны Хамянчук вынесены прысуд калектывiзацыi як антыгуманнаму, бесчалавечнаму акту, накiраванаму на знiшчэнне ранейшых набыткаў, традыцый, дасягненняў. Калектывiзацыя названа, па сутнасцi, генацыдам супраць працоўнага народа, сялян. Калектывiзацыя зрабiла няшчаснымi многiх людзей, раз′яднала iх, яны аказалiся заложнiкамi таталiтарнай сiстэмы, яе ахвярамi.

Кнiга Галiны Шпак – гэта шчырая споведзьадарванага ад Радзiмы чалавека, якому ёсць што сказаць землякам i нашчадкам . Сваю кнiгу Галiна Пятроўна перадала ў бiблiятэку Кобрынскага ваенна-гiстрычнага музея ў 1996 годзе, калi можна было ўжо не баяцца слоў “вораг народа”, “здраднiк”.

Большасць радкоў кнiгi эмацыянальныя, натхнёныя, праўда, часам Галiна Пятроўна збiваецца на просты пераказ падзей, бо жанчына не лiтаратар-прафiсiянал. Чырвонай нiткай праходзiць праз усю кнiгу думка: знайсцi ў сабе сiлы заставацца чалавекам у любых абставiнах, не ачарсцвець душой, не стаць чалавеканенавiснiкам, не атаясамлiць Радзiму з таталiтарнай сiстэмай, што зламала твой лёс. Бясконцым шкадаваннем i сумам па страчанай Радзiме напоўнены старонкi кнiгi. Успамiнаюцца радкi пра пакiнутую Радзiму Наталлi Арсенневай: “i зелянiна самая яркая, i хлеб самы смачны, i салавей спявае сама цудоўна”. Матыў Радзiмы яднае кнiгу Галiны Шпак i паэзiю Арсенневай. Ды i ў лёсах жанчын шмат падобнага: бацька Наталлi – афiцэр царскай армii, бацька Галiны – афiцэр польскай палiцыi; абедзве жанчыны перажылi ссылку ў Казахстан, абедзве вымушаны былi жыць доўгiя гады за межамi любай Беларусi.

Хоць мы лiсты,
Што восеньскi вiхор,
Разгойдаўшы, мяце па
Далячынях сiнiх, -
Карэннi нашыя ўпiлiся ў падзол
Радзiмай глебы i таму – не гiнем.
(Н. Арсеннева).

Н. Арсеннева вярнулася на Радзiму з кнiгай пранiкнёнай i замiлаванай лiрыкi, а Галiна Шпак – кнiгай – споведдзю “Насуперак лёсу – вярнулiся”. Кнiгi расказалi землякам, як палымяна жадалi жанчыны бачыць сваю радзiму свабоднай i шчаслiвай, як верылi ўяе “Дарагiм кабрынчанам, мiлым зямлякам” прысвячае кнiгу Галiна Шпак. Назва кнiгi Галiны Шпак ўяўляе сабою кантэкстуальны антонiм. Сустракаюццца антонiмы i ў самiм тэксце: дабро i зло, магчымае i немагчымае, жывыя i паўжывыя. Ужытыя сiнонiмы таксама дапамагаюць стварыць пэўны эмацыянальны настрой: пагарда i варожасць; голад i холад; нi ў кiбiтках, нi пешшу, а ў “быдлячых” вагонах; страх i смерць; выходзiлi з вагонаў, станавiлiся на каленi, цалавалi зямлю, замiралi ў паклоне, дзяквалi Богу за свой шчаслiвы зварот. Вобразныя параўнаннi ў творы: у выпакутаваных людзей былi позiркi зацюканых звяроў; кнiга мемуараў, як сведка жудаснага перыяду гiсторыi. Удала выкарыстоўвае аўтарка мастацкую дэталь: найдаражэйшая рэч, падарунак бацькi, - гiтара – растаптана нагамi самага блiзкага чалавека – мацi. Дэталь дапамагае зразумець душэўны стан высыльных, падарванае фiзiчнае здароўе. Мяшочак сухароў, што быў надзеяй на выжыванне, выразней за мноства слоў раскажа пра недахоп харчавання.

Ужывае Галiна Пятроўна аўтарскiя неалагiзмы: Сурадасць, Суперажыванне. Пiша яна гэтые словы, як i Страх, Воля, Пайка з вялiкай лiтары. Калi чытаеш успамiны Нiны Мiкалаеўны Хамянчук, здаецца, пераносiшся ў 1940 год, у далёкi Акмалiнск, а затым у працпасёлак № 32 на беразе Iшыма. Бачыш у голым стэпе праз 7-15 км саманныя пасёлкi, вузкi доўгi пятнаццацiметровы заканурак у бараку, якi пакрываўся зiмой тоўстым слоем iнею. Здаецца, адчуваеш няўтульнасць, холад, мучаешся пытаннем “За што?”. Здаецца, трапляеш у буран, як у пекла, выбрацца адкуль неймаверна цяжка, чуеш выццё ваўкоў, што заходзiлi нават у пасёлак.

Канкрэтная гiсторыя канкрэтнай сям′i ўспрымаецца як агульначалавечая бяда, адно разбуранае гняздо як сотнi такiх гнёзд па Беларусi.

Как страшно мертвецу среди людей
Живым и страстным притворяться!
Но надо, надо в общество втираться
Скрывая для карьеры лязг костей.

Аляксандр Пятровiч Бабiй, ураджэнец вёскi Буховiчы, расказаў, што ў ноч на 18 жнiўня 1951 г. у iх дом увайшлi ваенныя людзi з сабамi, прадставiлi ордэр на высяленне, далi дзве гадзiны на зборы. Аляксандру было няпоўных шэсць год, ён многага не разумеў, толькi плакаў. Рэчы пагрузiлi на павозку, сям′ю павезлi ў Кобрын на станцыю, а там пагрузiлi ў таварныя вагоны з надпiсам “Спецабсталяванне” па 20 сем′яў у кожны, некаторыя спрабавалi жартаваць: “мы i ёсць спецабсталяванне”. А ў нуднай, доўгай дарозе было не да жартаў. Гнеў i недаразуменне выклiкала празаiчная дэталь расказа Аляксандра Пятровiча: на бязлюдных прыпынках, сярод чорнага поля, цягнiк спынялi i ўсе выселеныя: мужчыны, жанчыны, дзецi – пад пiльным вокам наглядчыкаў вымушаны былi у лiчаныя хвiлiны справiць свае ўласные патрэбы. Прывезлi у Iркуцкую вобласць у Чунскi раён, размясцiлi ў бараку, якi ўяўляў сабой доўгi калiдор без перагародак.

У гэтым драўляным бараку “жыло неймаверна многа клапоў, якiя, як мурашкi, дзейчалi калектыўна i, здавалася, свядома. Яны ад′елiся на крывi папярэднiх высыльных i чакалi новых. Спаць у такiм бараку было пакутай. Сям′i Бабiяў было значна лягчэй, чым тым, хто працаваў на лесапавалах. Бацька валодаў цяслярскiм рамяством, мацi была нядрэннай тынкоўшчыцай. I, тым не менш, гэтыя гады Аляксандр Пятровiч лiчыць выкрэсленымi з жыцця. Да расказа сястры Макаравай Праскоўi Сiльвестраўны эпiграфам могуць служыць радкi Л. Генiюш

Натоўп дзяўчат, жанчын, яшчэ жывых
Iйдзем зледзянелай тундры каляiнай,
Кругом снягi, мароз сцiнае дых.
Мароз шукае песнi салаўiнай.

Ураджэнкi вёскi Травы Павiццеўскага сельсавета Праскоўi Сельвестраўны даўно няма ў жывых, пяць год назад памер яе старэйшы сын Мiкалай, 1933 нараджння, якi таксама быў з ёй у высылцы, Мiкалай жыў пасля звароту з высылкi ўвесь час у Павiццi, а сыны Павел i Рыгор (1942 i 1944 г. нараджэння) параз′язджалiся па свеце, як сказала сястра Праскоўi Сiльвестраўны. Вось што расказала яна пра высылку сястры.

Працавалi на лесапавалах ў цяжкiх умавах. Усю работу выконвалi ўручную: пiлiлi, крыжавалi, вазлi бярвенне на конях, затым лес уручную грузiлi ў чыгуначныя вагоны. Становiшча ўскладнялi хмары машкары, ад якiх схвацца было зусiм немагчыма. У многiх цела поўнасцю апухала. Даць норму практычна было немагчыма. Высыльныя прыдумвалi вось што: аснову штабеля рабiлi з “сваiх” спiленых дроў, затым пакiдалi пару зваленых, але яшчэ нераспiленых дроў, каб была бачнасць разгара працы. А потым цягалi бярвенне са старых штабелеў i укладвалi ў свой. Такiм чынам выходзiлi са становiшча.

Кожны з успамiнаў уражвае па-свойму. Янчук Сiдар Дзмiтрыевiч, ураджэнец в. Павiцце, у час вайны апынуўся ў Германii, працаваў на нямецкiх гаспадароў, а ўсе думкi – мары былi пра далёкую Радзiму. Вярнуцца туды любой цаной, нягледзячы нi на якiя перашкоды. Абачлiвыя людзi казалi: “Тут кормяць нядрэнна, апранаюць, а дома невядома што”. Але такiя разважаннi не краналi душу i сэрца Сiдара Дзмiтрыевiча. Як птушка з выраю, iмкнуўся ён у родную палескую вёску. Ды вярнуўся ён туды зусiм ненадоўга, так як быў высланы за межы Беларусi. Зноў бясконцыя павiццеўскiя балоты, сасоннiкi ды бярэзнiкi з дубнякамi паўставалi толькi ў мроях – успамiнах….

Петруковiч Таццяну Карпаўну, ураджэнку в. Барысава Хiдрынскага сельсавета, выслалi, так як яе гаспадарка была прызнана кулацкай, у якой сiстэматычна прымянялася сезонная i пастаянная наёмная рабочая сiла. Адбывала высылку на Далёкiм Усходзе. Жылi высыльныя ў былым лагеры для зняволеных i працавалi на цагельным заводзе. Цэглу выгружалi ўручную з вялiкiх гарачых печаў, а норму выпрацоўкi пастаянна павялiчвалi, так што нават дзецям прыходзiлася памагаць сваiм бацькам. Усе гэта напiмiнала працу рабоў. Але яшчэ цяжэйшай была праца па разгрузцы каменнага кар′ера. Уявiце лiпеньскую спёку. Бязлiтасная далекаўсходнiя прамыя ультрафiялетавыя праменнi. Ад камня нават на адлегласцi дыхала пякельнай спёкай. I знясiленыя людзi, якiм прыходзiлася спраўляцца з гэтымi “каменнымi” работамi, якiя нават ад мужчын патрабавалi вялiкай сiлы i вынослiвасцi пакутвалi ад авiтамiнозу, ператваралiся ў ценi. Тым не менш, актыўна супрацiўлялiся смерцi, хацелi заставацца людзьмi. З апошнiх сiл любавалiся ранiшнiмi туманамi, цудоўнымi фiялетавымi заходамi, што гарэлi над iмi ў час звароту з каменнага кар′ера. Многiя iнстыктыўна адгучвалi: пакульiх хвалюе i гэты вецер, i зоркi – да тых часоў яны яшчэ жывыя, як бы нi трэслiся ногi, як бы нi гнуўся пазваночнiк пад цяжарам насiлак з раскалёнымi камянямi. Менавiта ў тым, каб захаваць у душы гэтыя апошнiя скарбы, i заключалася цяпер супрацiўленне страшнаму свету.

Пытанне аб тым, колькi жыхароў Беларусi пацярпела ад палiтычных рэпрэсiй, не высветлена i да сённяшняга дня. У артыкуле Уладзiмiра Адамушкi “Лiчбы на сэрцы”. Колькi чалавечых лёсаў пакалечыў таталiтарны рэжым i яго манаграфii “Палiтычныя рэпрэсii 20-50-х гадоў на Беларусi” ёсць разважаннi наконт гэтага. Як вынiкае з яго падлiкаў, судовымi i несудовымi органамi ў рэспублiцы па палiтычных матывах было прыцягнута да адказнасцi больш за 250 тысяч грамадзян. Акрамя таго, у адмiнiстрацыйм парадку (раскулачванне, высяленне, барацьба з сабатажам) прыцягнуты да адказнасцi яшчэ амаль 350 тыс.чалавек, жыццё i лёс якiх былi парушаны сталiнскiм рэжымам. Агульная лiчба ахвяр сталiнiзму складае на Беларусi 600-700 тысяч чалавек. З пачатку 50-х гадоў да 1994 г. у Рэспублiцы Беларусь рэабiлiтавана больш за 160 тысяч грамадзян.

Як жа ўсё гэта датычыцца нас, сучаснiкаў? Актыўная кампанiя выкрыцця “ворагаў народа” мела, акрамя фiзiчнага знiшчэння, яшчэ адзiн, не менш жудасны вынiк. Атмасфера падазронасцi, iдэалагiчнага ўцiску, маральнага прымусу ламала людзей як асоб, прымушала адракацца ад сваiх поглядаў i прынцыпаў, гаварыць няпраўду, каб захаваць жыццё сваё i сваiх родных. Не ўсе так паступалi, а калi паступалi, то чым быў такi ўчынак: ганьбой цi трагедыяй? Ёсць над чым задумацца. Якая роля асобы i народных мас ў гiстарычным працэсе? Як можна было дабiцца “усеагульнага адзiнадушша”, “адзiнадушнага адабрэння” рашэнняў партыi i ўрада”, “масавай падтрымкi”, “рашучага асуджання” i гэтак далей. Цiкава спытаць у сябе: “А як я паступiў бы, калi б жыў у той час”?

Быкаў пiсаў у 1988 г: “У нас няма велiчных помнiкаў ахвярам нямецкага фашызму…Але нiшто яшчэ ў нас не напамiнае пакаленням аб ахвярах сталiншчыны. Тое няправiльна i недаравальна! Мы павiнны памятаць аб iх – не героях, а бязвiнных ахвярах тырана – спрацаваных рабочых, галодных калгаснiках, першых народных iнтэлiгентах, мужчынах i жанчынах, якiя з куляю ў патылiцы клалiся ў самiмi ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклёны, не пратэст, а адзiнае марнае i трагiчнае слова: “Завошта”?

Гэтыя людзi ўжо нiколi не пачуюць адказ на тое сваё пытанне, затое адказ на яго павiнны зразумець мы.



Галiна Шпак – вучанiца гiмназii iмя Марыi Радзевiч г. Кобрына

Вокладка кнiгi Галiны Шпак

Бацька Галiны – Пётр Пятура

Руднiкi Караганды (малюнак Г. Шпак)

Здымак высыльных (сярод iх - сям′я Пятураў)

Галiна з сястрой

Карта з месцамi высылак жыхароў Кобрыншчыны (месцы высылак заштрыхаваны)

Партрэты Нiны Хамянчук

Спiс лiтаратуры
1. Адамушка У. «Колькi чалавечых лёсаў пакалечыў таталiтарны рэжым. Беларуская думка. № 7, 1992.
2. Адамушка У. Палiтычныя рэпрэсii 20-50-х гадоў на Беларусi. Мн.: - 1995.
3. Архiўныя копii. Кобрынскi архiў.
4. Новiк Я.К., Марцуля Г.М.. Гiсторыя Беларусi, частка 2. Мн.: - 1998.
5. Памяць. Гiсторыка-дакументальная хронiка Кобрынскага раёна – Мн.: Белта.
6. Хоменчук Н.М. Разоренные гнезда. // Брестский курьер//. № 47-50 ноябрь 2005.
7. Шарова Н.С.. Матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Мн.: 2001.
8. Shpak Galina. Mimo wszystko – wrocpismy. Kobryn, Karaganda, Szczecin. Szczecin - 1996.
9. Ярмусiк Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Мн.: - 2001.

Савчук Наталья Фёдоровна, г. Кобрин

УО «Кобринский государственный профессионально-технический колледж строителей»
 


 


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Познай Кобрин