Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Гiсторыя вёскi Малышы

Амаль забытая людзьмі...
Лясною вёскай Малышы, што на Кобрыншчыне, з пачатку XVII стагоддзя і да 1890 года валодалі продкі малавядомага роду Навіцкіх. Вядомым у гісторыі прадстаўніком роду стаў Андрэй Навіцкі, стараста ў Сандамірскім ваяводстве, які паводле прывілея караля Жыгімонта Вазы ад 10.09.1610 г. нарыхтоўваў дзіч у каралеўскіх уладаннях. У XVIII–XIX стагоддзях прадстаўнікі роду валодалі і зямлёй, і маёнткам у вёсцы Савейкі Ляхавіцкага раёна. Апошні ўладальнік – Тэафіл Навіцкі (да 1939 года). Гаспадарскі дом узноўлены ў 1950-я і належыць сельскай бальніцы.

З пачаткам ваенных дзеянняў Першай сусветнай (тут жнівень 1915 г.) частка жыхароў паехала ў бежанства. Тыя, хто засталіся, аралі зямлю, плацілі сельскагаспадарчыя падаткі германцам і даглядалі хаты, жывёлу і надзелы бежанцаў. З бежанства вярнулі не ўсе. І калі вярталіся, то на развілцы дарог у бок Ляскова паставілі вялікі драўляны крыж – як помнік у гонар тых, хто загінуў на вайне і ў бежанстве. На крыжы размясцілі распяцце Ісуса Хрыста (адкуль яно з’явілася, ніхто не ведае і не памятае). Лёс захаваў гэтае распяцце. Калі крыж згніў, яго памясцілі на ствол 300-гадовага клёна. Чыгунная скульптура распяцця вышынёю больш за метр знаходзіцца на ўзроўні чалавечага росту і ланцугом прымацаваная да дрэва. За гэтым дрэвам некалі і размяшчалася панская сядзіба.

Цікавы расповед пра апошняга ўладальніка малышаўскай сядзібы. Пры Польшчы ў 1930-я гг. гаспадаром сядзібы стаў нехта Калінгер. Саракагадовы мужчына быў адзінокі, без сям’і. Разводзіў коней і прадаваў іх у Варшаве, меў ферму, дзе разводзіў авечак (каля 300 галоваў), вырошчваў зерне. Быў шчодрым, шмат плаціў за працу, таму і мясцовыя хадзілі да яго з ахвотай. У прыслугах меў кухара, кучара і маладую эканомку. У канцы 1938 года пачаў распрадаваць зямлю, коней і авечак затанна. Распрадаў амаль усё і летам 1939 года знік у невядомым накірунку, пакінуўшы хату на прыслугу.

Летам 1941 года ён з’явіўся ўжо ў форме нямецкага афіцэра. Новы кіраўнік справаў заняўся сядзібай (тым, што засталося). Старажылы, хто яго памятаюць, называлі Калінгера шпіёнам. Так яно і было.

Чырвоную Армію ўвосень 1939-га малышаўскія сяляне сустрэлі з букетамі кветак. А ўвесну 1940-га як неналежнага «элемента» арыштавалі мясцовага жыхара па прозвішчы Заяц (у кнізе «Памяць» такога прозвішча няма). Лёс яго нікому не вядомы.

Немцы ў апошнюю вайну не надакучвалі жыхарам Малышоў: у такую глуш і цяпер не даехаць, а што было 70 гадоў таму? Але людзі памятаюць і перадаюць мясцовую легенду-падзею, якая мела месца з прыходам фашыстаў.

У адну з восеньскіх начэй першага года вайны сабраліся ўсе 250 жыхароў вёскі і за ноч саткалі вялікі льняны ручнік, вышылі арнамент-абярэг. Мужчыны ў канцы вёскі з заходняга боку па дарозе на Тулічы паставілі вялікі дубовы крыж, на якім з першымі промнямі сонца павесілі ручнік. Магчыма, гэты крыж-абярэг і вера ў Бога дозволілі амаль усім вярнуцца з вайны. «Партызанка», пажары, расстрэлы абышлі вёску. Хаця кажуць, што ў 1944-м партызаны ўсё ж падпалілі панскую сядзібу.

На сёння са сведкаў мінулай прыгажосці захаваўся толькі клён з распяццем Ісуса Хрыста. Адзінокія дубы, зараснікі бэзу, абломкі кафлі, посуду, сажалка, якая высахла, і зарослы канал выклікаюць толькі смутак. А пасля вайны была і школа, і клуб, і магазін.

У 1999 годзе ў вёсцы 42 домаўладанні і 83 жыхары. На сёння – некалькі хатаў і крышку больш жыхароў. А на ўсю вёску толькі двое дзяцей школьнага ўзросту.

У кожнага, хто нейкім чынам патрапляе ў Малышы, здзіўленне і цікаўнасць выклікае чыгунная скульптура Маці Божай з дзіцем, размешчаная пасярод вёскі на прыродным пясчаным узвышшы пад вялікім каштанам. Сяляне даглядаюць мясцовую каштоўнасць. Скульптура стаіць на двух прыродных камянях чырвонага колеру, а на адным з іх размешчаны надпіс – 1859 год. Сама скульптура вышынёю 1 – 1,2 м і мае прапорцыі чалавечага цела. Босай леваю нагой яна стаіць на круглым (зямлі) шары, складкі тунікі спадаюць да пятаў, а на галаве покрыва ніжэй за плечы. На левай руцэ Маці Божай немаўля Ісус, які трымае свечку.

У гісторыі чыгуннае ліццё вядомае не адно стагоддзе. Але свайго росквіту дасягнула толькі ў XVII–XIX стагоддзях. У Францыі, Германіі, і асабліва ў царскай Расіі, дзе да Урала было некалькі заводаў, якія выконвалі індывідуальныя заказы. Калі ў чыгун далучалі невялікі адсотак медзі ці алюмінію, гэта надавала яму вельмі прыгожае адценне.

Скульптура Маці Божай мае чорна-зеленаваты колер. У яе аснаванні шасціграннік, унутры якога для важкасці быў змешчаны свінец (ужо, праўда, рэшткі – у пасляваенныя гады хлопчыкі раскарпалі яго для грузікаў на рыбацкія вуды).
А вось скульптура распяцця не мае такой гульні колеру. На падстаўцы вырабаў звычайна раней пакідалі кляймо майстэрні, але ні на адной скульптуры ў Малышах я не бачыла нічога падобнага.

Калі вярнуцца на 150 гадоў назад, то легенда расказвае наступнае. У маладога памешчыка сядзібы Малышоў пад час родаў памерла жонка. І гэта ў яе памяць была пастаўленая чыгунная статуя Маці Божай (падобна, што пад камянямі ёсць скляпенне-скрыпта, бо калі пастукаць, можна пачуць глухі гук пустэчы). Кажуць, што ў ліхія хрушчоўскія часы спрабавалі бульдозерам скінуць помнік, але нічога не атрымалася, Бог убярог.

Вось і сёння амаль забытая людзьмі лясная вёска Малышы жыве з Богам, з верай у Дабро і Справядлівасць. А праваслаўныя сяляне паводле мясцовага звычаю штогод апранаюць белую вопратку на распяцце і павязваюць новы белы фартух Маці Божай.

Ніна Марчук, "Краязнаўчая газета", № 31, 2013 год.
Фото автора