Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Тых дзён не змоўкне слава

На святочна ўпрыгожаную плошчу імя У. I. Леніна яны ішлі з усіх вуліц горада, з’язджаліся з розных вёсак раёна. Урачыстыя, падцягнутыя, святочна апранутыя і ўсхваляваныя. На грудзях у кожнага баявыя ўзнагароды: ордэны, медалі. I вось ужо на плошчы шматлюдна. Тут не толькі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. Сюды прыйшлі і тыя, хто змагаўся за вызваленне Заходняй Беларусі ад белапольскіх акупантаў, прадстаўнікі грамадскасці і госці Кобрына, удзельнікі баёў за вызваленне Кобрыншчыны ад фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі працоўных рэгіёнаў, з якімі наш раён падтрымлівае сяброўскія сувязі, спаборнічае за лепшыя паказчыкі ў працы на карысць любімай Радзімы.

11 гадзін. Калона ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і прадстаўнікоў грамадскасці пад гукі аркестра рухаецца з плошчы ў напрамку вуліцы Першамайскай, да брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Кобрыншчыны. Тут, ля помніка, стаўшага свяшчэнным месцам для гараджан, сабраліся тысячы працоўных.

Мітынг адкрывае старшыня выканкама гарадскога Савета дэпутатаў працоўных I. Ф. Яжоў. Гучаць гімны Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Беларускай рэспублікі. Таварыш Яжоў дае слова сакратару РК КПБ М. А. Сацэвіч.

- Ніколі не сатруцца з памяці народа цяжкія гады вайны і ніколі не будуць забыты тыя, хто аддаў сваё маладое жыццё за свабоду Радзімы, за шчасце нашчадкаў, за наша з вамі светлае сёння, - гаворыць тав. Сацэвіч. Выступае ўдзельнік вызвалення Кобрына, былы намеснік камандзіра батальёна Міхаіл Андрэевіч Карасёў.

- Спіце спакойна, дарагія сябры! Мы ніколі не забудзем вас. Мы, хто застаўся ў жывых, працягвалі і будзем працягваць справу, за якую аддалі свае жыццё вы. Мы будзем мацаваць магутнасць Радзімы, будаваць будучае, аб якім марылі вы, - камунізм. Ад імя моладзі раёна выступае вучаніца сярэдняй школы № 5 Таіса Максімук. “Моладзь раёна, - гаворыць яна, - будзе заўсёды памятаць загінуўшых, іх подзвігі вечна будуць прыкладам для жывых”.

Над скверам імя Пуганава, над брацкай магілай наступае цішыня. У журботным маўчанні схілілі галовы тысячы людзей: старыя. і маладыя, тыя, хто прайшоў праз пекла вайны, і тыя, хто ведае аб ёй толькі па кнігах. А над імі, перакрываючы цішыню, узмоцненыя мікрафонамі, гучаць імёны і прозвішчы тых, хто ляжыць у брацкай магіле, хто аддаў жыццё за нашу свабоду. Іх многа. Камандзіры і радавыя, рускія і беларусы, вядомыя і невядомыя. I не саромеюцца прысутныя слёз. Яны на вачах кожнага. Нават маленькія дзеці, што прыйшлі да помніка разам з бацькамі, усведамляючы веліч гэтай хвіліны, застылі ў напружаным маўчанні. А ля помніка гучаць вершы аб маці, якая так і не дачакалася сына, мелодыя «Рэквіема», пранікненыя словы жанчыны ў чорным адзенні: «Памятайце, якой цаной заваявана наша шчасце. Памятайце аб тых, каго няма сёння з намі! Памятайце! Памятайце! Памятайце!».

Група ветэранаў вайны, прадстаўнікоў грамадскасці ўскладвае ля падножжа помніка гірлянду славы. А побач з ёю на бетон кладуцца шматлікія букеты жывых кветак, - сціплая, але ад усяго сэрца даніна павагі памяці загінуўшых.

Зноў наступае цішыня. Мінутай маўчання ўшаноўваюць прысутныя памяць герояў. Мітынг закончаны. Калона ветэранау вайны, гасцей, прадстаўнікоў грамадскасці накіроўваецца ў парк імя. В. Суворава. З абодвух бакоў вуліцы імя Суворава, па якой рухаецца калона, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны сустракаюць жыхары горада, моладзь, піянеры з кветкамі.

Калона рухаецца да кургана, упрыгожанага сцягамі, дзе будзе запалены агонь славы. Сакратар РК КПБ В. А. Бойка аб'яўляе, што запаліць агонь славы ад факела, дастаўленага ад вечнага агню Брэсцкай крэпасці-героя, даручаецца былому ўдзельніку баёў за вызваленне Кобрына, палкоўніку ў адстаўцы, ганароваму грамадзяніну горада Д.К. Барысаву, былому партызану З. З. Дзенісюку, удзельніку вызвалення горада I. М. Падбярэзіну. Агонь славы запалены, Д. К. Барысаў звяртаецца да прысутных з прапановай яшчэ раз ушанаваць памяць загінуўшых мінутай маўчання.

У 14 гадзін у летнім тэатры парку пачаўся ўрачысты сход, прысвечаны 30-годдзю вызвалення роднай Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў. Цёпла сустрэлі ўдзельнікі сходу паяўленне ў прэзідыуме членаў бюро РК КПБ, членаў гаррайвыканкамаў, гасцей, удзельнікаў баёў за Кобрын Дзмітрыя Кузьміча Барысава, Ілью Міхайлавіча Падбярэзіна, Уладзіміра Георгіевіча Валошчанка, Барыса Ісаевіча Гальперына, Міхаіла Андрэевіча Карасёва, удзельнікаў партызанскага руху на Кобрыншчыне Фёдара Мікалаевіча Баранава, Мікалая Аляксандравіча Караваева, Аляксея Данілавіча Падаляка, Аляксандру Іванаўну Федасюк, прадстаўнікоў палка, якому было прысвоена званне «Кобрынскі» Мікалая Мітрафанавіча Косача і Анатоля Пятровіча Лазюка, загадчыка аддзела Лівенскага гаркама партыі Анатона Дзмітрыевіча Прэабражэнскага і намесніка старшыні Ківярцоўскага райвыканкама Пятра Філімонавіча Сардачука, ветэранаў вайны і партызанскага руху, якія жывуць у нашым раёне. Акцябраты ўручаюць ім букеты жывых кветак.

Пачынаецца сход. Яго адкрывае сакратар РК КПБ В.А. Бойка. Пад гукі музыкі ў залу ўносіцца Чырвоны сцяг. Права ўнесці яго даецца кавалю калгаса «Сцяг Перамогі», удзельніку Вялікай Айчыннай вайны М. Ф. Сідаруку, старшыні калгаса «XXI з’езд КПСС» Герою Сацылістычнай Працы Ф. К. Валасюку, старшыні савета ветэранаў I. Г.Стырыковічу.

З дакладам, прысвечаным 30-годдзю вызвалення Беларусі, выступае старшыня выканкама раённага Савета дэпутатаў - працоўных В. I. Бурскі. Ён расказвае аб барацьбе, якая разгарнулася ў Беларусі супраць фашысцкіх акупантаў, аб дзейнасці партызан і падпольшчыкаў у Кобрынскім раёне. Называе імёны і прозвішчы ўдзельнікаў баёў на Кобрыншчыне. Далей тав. Бурскі расказвае аб барацьбе за аднаўленне гаспадаркі ў пасляваенныя гады, аб поспехах, дасягнутых рэспублікай і раёнам у мірны час.

На трыбуне палкоўнік у адстаўцы, камандзір 692-га стралковага палка, які вызваляў Кобрын, I. М. Падбярэзін. З цеплынёй гаворыць ён аб тых, з кім разам вызваляў нашу зямлю, віншуе прысутных з вялікім святам беларускага народа. Яго змяняе былы камандзір брыгады імя Чапаева Ф. М. Баранаў. Яго расказ - аб укладзе партызан у справу вызвалення рэспублікі.

Выступаюць рабочы ткацкай фабрыкі А. Васілеўскі, прадстаўнік воінаў Брэсцкага гарнізона П. Г. Казлоўскі, прадстаўнікі гасцей А. Д. Прэабражэнскі і П. Ф. Сардачук. Госці з Ліўнаў Арлоўскай вобласці РСФСР і Ківярцоў Украінскай ССР разам з віншаваннем са святам уручаюць кабрынчанам памятныя падарункі.

У адрас урачыстага сходу прыйшлі віншаванні. Тав. В.А Бойка зачытвае тэлеграмы абласнога камітэта партыі, аблвыканкама, прадстаўнікоў суседніх раёнаў вобласці, віншавальную тэлеграму нашага земляка Героя Савецкага Саюза палкоўніка У. М. Кірмановіча, былога сакратара РК КПБ Я. Р. Хахлова.

Пад гукі горна ў залу ўваходзяць юныя ленінцы. Яны віншуюць ветэранаў вайны і партызанскага руху, усіх прысутных са святам, уручаюць гасцям кветкі і памятныя сувеніры. Сакратар РК КПБ В. А. Бойка зачытвае рашэнне выканкама гарсавета дэпутатаў працоўных аб прысваенні звання ганаровага грамадзяніна горада ўдзельніку вызвалення Кобрына Ільі Міхайлавічу Падбярэзіну. Пад гучныя апладысменты прысутных старшыня гарвыканкама I. Ф. Яжоў уручае тав. Падбярэзіну пасведчанне, павязвае ленту ганаровага грамадзяніна.

- Гонар, аказаны мне сёння, — гаворыць у адказ тав. Падбярэзін, - я расцэньваю як знак павагі і пашаны да ўсіх воінаў, якія вызвалялі Кобрын. Абяцаю, што высокае давер’е апраўдаю.

Пад гукі марша з залы выносяцца сцягі, гучаць гімны СССР і БССР. Урачысты сход закончаны. А свята яшчэ доўга працягвалася на вуліцах і плошчах горада, у летнім тэатры парку.

Бялова, М. Тых дзён не змоўкне слава / Марыя Бялова // Камуністычная праца. – 1974. – 2 ліпеня. Святкаванне 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Кобрыне.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин