Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Захавальнік гісторыі

Аляксею Міхайлавічу Мартынаву - 100 гадоў з дня нараджэння

У кожнага горада ёсць свае запаветныя імёны, якія ніколі не забываюцца. Яны, як зоркі на небасхіле, ззяюць доўга і шчодра, асвятляюць гістарычны шлях людзям, з’яўляюцца ўзорам служэння Айчыне і бліжняму. Для кобрынцаў такой пуцяводнай зоркай стаў Аляксей Міхайлавіч Мартынаў.

Аляксей Міхайлавіч Мартынаў нарадзіўся 7жніўня (20жніўня па новым стылі) 1904 г. у го- радзе Кобрыне ў сям’і народнага настаўніка Міхаіла Якаўлевіча Мартынава і Параскевы Антонаўны, народжанай Пісарэвіч. 3 самага ранняга дзяцінства адоранасць хлопчыка мела натуральнае і багатае выйсце. 3 1911 года дзіця аддалі вучыцца ў Кобрынскае прыходскае вучылішча, але ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі 1915 г. вучоба была перапынена, і сям’я эвакуіравалася ў горад Рагачоў Магілёўскай губерні. Там Мартынаў прадоўжыў навучанне ў рэальным вучылішчы. У 1919 г. яго бацька быў прызначаны загадчыкам школы ў вёсцы Прыбар Гарадзецкага сельсавета. У гэтай вёсцы зімой 1920-1921 гг. Аляксей Міхайлавіч стаў выкладчыкам лікбеза, а з сакавіка 1921 г. працаваў настаўнікам у вёсцы Нікалаеўка.

У маі 1922 г. пасля саракадзевяцігадовай службы настаўнікам раптоўна ад інсульту на 65-м годзе жыцця памёр' бацька. Параскева Антонаўна вырашы- ла вярнуцца ў Кобрын, дзе ў бацькоў быў драўляны домік з прысядзібным участкам. Тут А.М. Мартынаў працаваў чорнарабочым пераважна на сезонных работах і на лесазаводзе, потым займаўся садоўніцтвам на прысядзібным участку. Клопат пра маці і малодшых дзяцей, пастаянная цяжкасць са сродкамі не дазволілі маладому чалавеку пайсці вучыцца далей. Але імкненне стаць пісьменным было настолькі моцным, што ён заняўся самаадукацыяй і займеў вялікі поспех на гэтай ніве. Яго цікавасць і захапленні былі выключна шырокімі, ахоплівалі розныя галіны ведаў і мастацтва.

Апяксей Міхайлавіч самастойна вывучыў і добра валодаў англійскай, французкай, нямецкай, польскай і украінскай мовамі, асвоіў эсперанта. Апрача мовазнаўства, захапляўся чытаннем твораў класікаў сусветнай літаратуры. Самастойныя пробы пяра ўвянчаліся з’яўленнем шэрагу цікавых апавяданняў і аповесці «Валадар свету», у якой зрабіў спробу выкласці сваё філасофскае светаадчуванне. Аб сур’ёзнасці захаплення літаратурнай працай сведчыць перапіска з рускімі пісьменнікамі і выдаўцамі ў эміграцыі ў краінах Заходняй Еўропы. Захаваліся пісьмы Міхаіла Арцыбашава, Марка Алданава і Міхаіла Асаргіна. Было пасланне і ад Івана Буніна, які ўбачыў у Мартынаве зерне таленту і рэкамендаваў яму не кідаць заняткі літаратурай, але адначасова раіў мець стабільную крыніцу даходаў. Любоў да гэтага віду мастацтва чырвонай ніткай прайшла праз увесь творчы шлях Аляксея Міхайлавіча Мартынава. У яго доме захавалася багацейшая бібліятэка уні- кальных кніг, сцены ўпрыгожваюць партрэты любімых пісьменнікаў і паэтаў. Літаратурная і публіцыстычная спадчына Аляксея Міхайлавіча і сёння не пакідае сумненняў у аўтарстве.

Талент заўсёды шматгранны, не апошняе месца ў шырокім спектры захапленняў займала маляванне. У сямейным архіве сустракаюцца арыгінальныя карандашныя партрэтныя і гістарычныя замалёўкі, якія здзіўляюць дакладнасцю адлюстравання і падмечанага характару. Гэтыя мініяцюры пераконваюць нас у абгрунтаванні жадання Міхаіла Якаўлевіча Мартынава паслаць сына вучыцца ў Пецярбургскае мастацкае вучылішча. але войны і рэвалюцыя паўсталі на шляху да мары.

Мартынаў цудоўна ведаў сусветную гісторыю і гісторыю Кобрыншчыны. Нездарма яго артыкулы сталі першакрыніцай па вывучэнні і асэнсаванні мінулага роднага краю. У яго была нейкая незвычайная цікавасць да ўсяго акаляючага. Не існавала такога пытання, якое застала б яго знянацку. Ён мог сябе нароўні пачуваць з людзьмі любога інтэлектуальнага ўзроўню, здзіўляў суразмоўцаў сваёй эрудыцыяй, хаця дыплома аб вышэйшай адукацыі не меў.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. Аляксея Міхайлаві- ча залучылі да працы ў Часовае ўпраўленне Кобрынскага павета наладжваць службу сувязі. Потым ён стаў арганізоўваць гарадскую бібліятэку, загадчыкам якой прапрацаваў да самага пачатку вайны.

У час акупацыі Мартынаву ўдалося пазбегнуць прымусовай мабілізацыі на работу ў Германіі. 3 мая 1942 г. працаваў кладаўшчыком і бляхаром у бу- даўнічай фірме. Потым пры садзейнічанні падпольшчыка Аляксея Курэшы стаў сувязным партызанскага атрада імя Чапаева, забяспечваў партызанаў патрэбнымі ім матэрыяламі са склада. У будучым выконваў разведвальныя заданні ў тыле ворага, якія атрымліваў ад оперупаўнаважанага партызанскай брыгады імя Чапаева С.І. Шмырова. Ён рызыкаваў жыццём, калі дзякуючы сваёй пісьменнасці і назіральнасці, па заданні штаба Чырвонай Арміі нанёс на карту роднага горада размяшчэнне варожых дотаў, дзотаў, супрацьтанкавых равоў і воінскіх злучэнняў праціўніка.

Адразу пасля выгнання гітлераўскіх акупантаў па заданні райкама КПБ Мартынаў аднаўляў работу гарадской бібліятэкі, а ў лістападзе 1944 г. быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі каля года працаваў тэхнікам-інвентарызатарам. А са жніўня 1946 г. быў прызначаны дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава. Па тым часе гэта было незвычайнае прызначэнне. Вядома, што партыя, асабліва на пасты ў га- ліне ідэалогіі, ставіла камуністаў, у рэдкіх выпадках - перспектыўных кам- самольцаў. Але Мартынаў не быў і не стаў ні тым, ні другім, а жыццё даказа- ла, што ўлада не памылілася ў «беспартыйным бальшавіку».

Аляксею Міхайлавічу домік Суворава дастаўся ў даволі сумным стане. У ліпені 1944 г. перад воінамі-вызваліцелямі паўстаў толькі каркас будынка з перакошанымі сценамі і трухлявым гонтавым дахам. Мясцовыя жыхары ледзьве не разабралі пабудову на паліва, але дзякуючы старанням і энтузіязму Мартынава ён не толькі ацалеў, але і стаў візітнай карткай Кобрына, атрымаў вядомасць за межамі Беларусі.Трыццаць два гады Аляксей Міхайлавіч аддаваў сябе любімай справе, даследаваў мінулае роднага горада, напісаў больш за 70 артыкулаў, публікаваўся ў рэспубліканскіх і мясцовых органах друку. Пабываў у шэрагу краін, больш чым у 150 гарадах свету, выкарыстоўваў здабытыя звесткі і экспанаты для папаўнення музея. Кал ў горадзе Ізмаіле былі знойдзены ядры для гармат далёкага сувораўскага часу, дырэктар музея прывёз іх у чамаданах. Бясцэнную зброю XVIII стагоддзя ён даставіў з Ленінграда, вёз яе ў рэчавым мяшку ў агульным вагоне поезда, пак лаўшы пад галаву замест падушкі.

3 1965 па 1972 г. Мартынаў на грамадскіх пачатках узначаліў Кобрынскае аддзяленне добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ён не толькі вёў работу па захаванні наяўных помнікаў, але таксама ініцыіраваў работу па ўвекавечанні месцаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі на тэрыторыі Кобрыншчыны. У 1974 г. да трыццацігодцзя вызвалення Беларусі па ініцыятыве Аляксея Міхайлавіча і пры яго непасрэдным удзеле было ўстаноўлена 24 абеліскі з мемарыяльнымі дошкамі, прысвечанымі падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Па яго ініцыятыве ў 1948 г. у Кобрыне быў заснаваны парк культуры і адпачынку імя А.В. Суворава, першы дырэктар якога Васіль Іванавіч Харытанюк быў блізкім сябрам свайго калегі. Дзякуючь актыўнай дзейнасці А.М. Мартынава ў 1964 г. у Кобрыне быў устаноўлены помнік А.В. Сувораву работы Чабатарова. Аляксей Міхайлавіч правёў вялікую работу па ўстанаўленні даты першага пісьмовага ўпамінання аб горадзе Кобрыне.

I на пенсіі Аляксей Міхайлавіч, нягледзячы на ўзрост, не збавіў тэмпы дзейнасці на абраным шляху. Па спрэчных пытаннях гісторыі да яго звярталі- ся як у своеасаблівае бюро даведак.

Высокі інтэлект, дыпламатычнасць, уменне аб’ектыўна ацаніць магчымасці кожнага чалавека, тактоўнасць у зносінах, тонкі гумар, а часам і лёгкая іронія прыцягвалі да яго людзей. Ён ніколі нікога не крыўдзіў і не прыніжаў. Прысутная сціпласць не дазваляла Мартынаву прасіць для сябе і за сябе. Але, калі трэба было папрасіць ці вырашыць пытанне на карысць агульнай справы, роўных яму не было.

Аляксей Міхайлавіч Мартынаў памёр 15 лістапада 1999 г. За актыўную краязнаўчую работу ўзнагароджаны медалём імя Н.К. Крупскай, мноствам грамат, імяннымі падарункамі, стаў ганаровым грамадзянінам Кобрына. Але лепшая ўзнагарода - добрая памяць пра яго ў сэрцах кобрынцаў.

Да стагоддзя з дня нараджэння А. М. Мартынава наш музей выступіў з ініцыятывай назваць адну з новых вуліц Кобрына яго імем, а на доме N 39 па вуліцы Чырвонаармейскай, дзе жыў Мартынаў, устанавіць мемарыяльную дошку.

Алена РЫСЬ,
загад чык навукова-экспазіцыйнага аддзела
Кобрынскага ваенна- гістарычнага музея імя Суворава

Рысь, А. Захавальнік гісторыі : Аляксею Міхайлавічу Мартынаву - 100 гадоў з дня нараджэння / Алена Рысь // Краязнаўчая газета. – 2004. - № 36 (верасень).
Рысь, Е. Хранитель истории : к 100-летию со дня рождения А. М. Мартынова / Елена Рысь // Кобрынскі веснік. – 2004. – 18 жніўня. – С. 2 ; 21 жніўня. – С. 3.