Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

В Давид-Городке прошли «Дожинки-2017»

Уборачная кампанія-2017 выдалася для краіны асабліва складанай – сціснутыя тэрміны, накладка на іншыя палявыя работы прымушалі працаваць на палях без перапынку і выхадных. Сёлета гасцей фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017” сустракаў абноўлены Давыд-Гарадок — невялікі горад на Століншчыне, шлях да якога няблізкі – ад Кобрына 235 кіламетраў. 

Давыд-Гарадок — старажытны горад з цікавай гісторыяй. Прыгожай прыроднай адметнасцю горада з’яўляецца рака Гарынь, якая працякае праз населены пункт. У горадзе вузенькія і кароценькія вулачкі, якія вядуць на плошчу Давыда – галоўную плошчу горада, дзе і разгарнуўся абласны фестываль-кірмаш. Але самай яскравай жамчужынай свята сталі людзі – памяркоўныя палешукі з незвычайнай гаворкай.

У кірмашы прынялі ўдзел больш за 70 арганізацый вобласці. Кобрыншчыну прадстаўлялі масларобна-сыраробны завод, швейная фірма “Лона”, фірма “Модны горад” і іншыя прадпрыемствы. Гандлёвыя кропкі заклікалі да сябе пакупнікоў канцэртамі, розыгрышамі, дэгустацыямі.

Асаблівае месца на свяце заняў “Горад майстроў”. Акрамя набыцця сувенірнай прадукцыі, тут можна было паназіраць, як у руках ганчара нараджаецца гліняны збанок ці міска, папрактыкавацца ў стварэнні саламяных фігурак, ткацтве з ільну, адчуць сябе мастаком, даведацца пра тонкасці беларускай выцінанкі. Дарэчы, умельцы з Кобрыншчыны былі прадстаўлены школай народнай творчасці з Магдаліна і Домам рамёстваў з Дзівіна.

Традыцыйная частка, з якой і пачалося свята, – урачыстае шэсце ўсіх дэлегацый. Кожны раён заўжды стараецца выдзеліцца на фоне іншых, кобрынскія дэлегаты былі пазначаны сінімі стужкамі, а ў руках яны трымалі сімвалічныя снапочкі з залатога калосся.

Гараджане і госці свята выстраіліся паабапал дарогі і гучна віталі дэлегатаў.

Асаблівая ўвага – перадавікам уборачнай кампаніі. Кобрыншчына таксама прадставіла сваіх герояў сёлетняга жніва. Механізатар з ААТ ”Пакроўскі” Юрый Сідарук атрымаў Падзяку ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за добрасумленную працу, галоўны аграном з ААТ “Агра-Кобрынскае” Іван Гусак атрымаў аналагічную Падзяку за дасягненне высокай ураджайнасці збожжавывх культур і дырэктар Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода Руслан Чыбатар быў узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза як лепшы кіраўнік перапрацоўчага прадпрыемства АПК.

Афіцыйная частка пачалася з падняцця флага “Дажынак” і гімна Беларусі. На сцэну быў запрошаны старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс, які ад усёй душы павіншаваў хлебаробаў са святам, адзначыў, што яны дастойна справіліся з пастаўленымі задачамі і пацвердзілі статус вобласці як аграрнага рэгіёна. Анатолій Васільевіч адзначыў, што, нягледзячы на змяненне тэрмінаў уборкі, нашы аграрыі змаглі ўбраць хлеб без страт і сёлетні каравай склаў больш за 1,2 мільёна тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 36,7 ц/га.

Старшыня аблвыканкама падзякаваў гаспадаркам, якія паказалі самую высокую ўраджайнасць, сярод якіх ААТ “Агра-Кобрынскае”, дзе сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы ў сярэднім склала больш за 70 ц/га. Што датычыцца Кобрыншчыны, то з улікам уборкі кукурузы, якая яшчэ наперадзе, валавы збор збожжа ў раёне складзе 100 тысяч тон, а сёлетняя ўраджайнасць крыху не “дацягнула” да сярэдняга абласнога паказчыка – 33,6 ц/га, але гэты вынік вышэй мінулагодняга.

Анатолій Ліс падкрэсліў, што чакаецца яшчэ шмат работы. На наступны год плануецца сабраць 1,5 мільёна тон збожжа без уліку кукурузы, а гэта значыць, што працаваць трэба будзе яшчэ з большымі намаганнямі. Пасля Анатолій Ліс узяў удзел у святочнай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў.

Віталі пераможцаў і гасцей свята першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар і ўпаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў. Ганаровыя госці таксама паўдзельнічалі ў цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў уборачнай кампаніі-2017.

Пасля на сцэне закружыліся хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах, з’явіліся жнеі, якія ўручылі Анатолію Лісу і ганаровым гасцям галоўны сімвал свята – збожжавы сноп. Са сцэны паліліся вясёлыя гутаркі і песні артыстаў. Кожны раён прадставіў нумар, які трапна перадаваў адметнасць сваёй мясцовасці. 

Традыцыйна ў рамках “Дажынак” праходзіць і абласны этап сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, на які з’язджаюцца пераможцы раённых этапаў. У гэтым годзе наш раён прадставіла сям’я Палхоўскіх з Астроміцкага сельсавета. Удзельнікам патрэбна было прадэманстраваць візітную картку, аформіць выставу сямейных дасягненняў, паказаць свае кулінарныя і творчыя здольнасці. У выніку нашы прадстаўнікі сталі пераможцамі ў намінацыі “Сялянскія прысмакі”.

Дапоўнілі дажыначныя забавы разнастайныя спартыўныя спаборніцтвы. А завяршылася свята запаляльнай дыскатэкай.

Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара і Рамана Мельніка.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"