Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Убор лелікаўскай свахі захоўваюць на Кобрыншчыне

У доўгай баваўнянай сарочцы, паркалёвай спадніца, паверх якой завязаны фартух, упрыгожаны аплікацыяй з рознакаляровых стужак і ланцужкоў з закругленымі ромбамі чырвонага колеру – “вачамі”, у сярэдзіне якіх на белым фоне – зоркі, вышытыя чорнымі ніткамі, у чаравічках на абцасах (абавязкова з падкоўкамі, каб здалёк чуваць было!). На галаве – па-асобаму закручаны плат – доўгі абрэзак ільняной тканіны, какошнік, ці “брыжы” з пучком рознакаляровага пер’я…Так апраналася ў 20 стагоддзі, а можа і яшчэ раней, адна з галоўных дзеючых асоб вясковага вяселля – лелікаўская сваха.

 Шлях да аднаўлення страчанай з цягам часу каштоўнасці і прызнання традыцый вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі гісторыка-культурнай спадчынай немалы, – расказвае загадчык аўтаклуба Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Вольга П’янцава. – Але дзякуючы неабыякавым адносінам жыхароў вёсак Павіцце і Лелікава да свайго духоўнага багацця, да слаўных традыцый продкаў, такім як Анастасія Шапяцюк, Ганна Жук, Марыя Шапяцюк, Аляксандра Базылюк, Ганна Гаманюк, Ніна Базылюк, Марыя Радковіч, Надзея Палівода, нам удалося ўзнавіць касцюм.

Як згадвае лелікаўчанка Анастасія Шапяцюк, цяга да самабытнай культуры лелікаўчан прысутнічала ў яе з дзяцінства. Дзяўчынкай, бегаючы з сяброўкамі на вясковыя вяселлі “паглядзець” на нявесту, яна не раз спыняла свой погляд на жанчынах у незвычайным адзенні з яркім пер’ем на галаве, захапляла яе і мова гэтых жанчын, якія час ад часу то загадкамі мудрагелістымі забаўлялі гасцей, то сыпалі прымаўкамі ды прыказкамі, то песні вясельныя зацягвалі. Даведацца глыбей пра вясельныя традыцыі сваіх продкаў і гісторыю касцюма свахі Анастасіі Ігнацьеўне захацелася тады, калі яе муж стаў працаваць загадчыкам клуба ў вёсцы Лелікава.

– Тыя жанчыны, што мяне калісьці ўразілі і былі свахі, або “баявыя сяброўкі” ў вясельным абрадзе – у нас іх так яшчэ называлі – дзеліцца ўспамінамі жыхарка Лелікава. – Сваха выбіралася з боку жаніха. Ёю магла быць як замужняя жанчына, так незамужняя “свашка”. І неабавязкова, каб яна была адна: лічылася, што чым іх больш, тым багацейшы жаніх. А “вочы” выкарыстоўваліся на ўборы таксама не проста так: сваха – галоўны кіраўнік вяселля, асоба дапытвая, цікаўная, разумная. Галаўны ўбор жа, што ўпрыгожаны “брыжамі” з “павамі”, як па мясцоваму называюць такое пер’е , хоць і выглядае крыху тэатралізавана і камічна, але ж такая яго і функцыя – адпавядаць жартоўнаму характару гэтага вясельнага персанажу.

 

Убор лелікаўскай свахі дапытліваму чалавеку можа расказаць не толькі пра культурныя традыцыі мясцовага насельніцтва, але і пра іх багаты ўнутраны свет, пра асаблівасці этнічнага характару. Спалучэнне ў касцюме белага, чорнага, чырвонага і сіняга колераў – гэта і характэрная для мясцовых жыхароў дабрыня, спагада, сяброўства, чыстыя помыслы (белы колер), цяга да роднай зямлі, якая для любога селяніна – галоўная карміліца, філасофскія адносіны да смерці (чорны колер), прага да жыцця, уменне пераадольваць цяжкасці (чырвоны колер), імкненне да гармоніі, перавага духоўнага пачатку над матэрыяльным (сіні колер).

Залатыя рукі жанчын выдаюць валоданне рознымі відамі вышыўкі –крыжыкам, гладдзю, бісерам, уменне складваць такім спосабам вытканую спадніцу і фартух, што ўтвораныя прадольныя складкі нават не патрабуюць апрацоўкі прасам.

Углядаючыся ў касцюм свахі, міжволі сама пераношуся думкамі і ў для мяне родную вёску –Лелівава, бабуліну хату, што складалася з маленькай кухні і крыху большага за яе па памеры пакойчыка, пасярэдзіне якога стаялі вялікія кросны. Там, у той хаце заўсёды было весела і шматлюдна: бабуля і тры яе дачкі, у тым ліку і мая маці, якія па чарзе ткалі, суседкі, што любілі вечарам зайсці пагаманіць, цікаўныя дзеці – малыя толькі мітусіліся пад нагамі і надакучвалі нам, старэйшым дзяўчынкам, матаць у клубкі каляровыя ніткі (матулі даверылі нам такую пачэсную місію!). Час ад часу я назірала за тым, як спраўна хадзіў у руках адной з жанчын, што сядзела за станком, “чаўнок” паміж ніткамі асновы і здзіўлялася, як у выніку на гэтым станку ўзнікала доўгая вузкая стужка ільнянога палатна, аздобленага рознакаляровымі ўзорамі. “Пойдзеш замуж, дачушка, будуць табе ручнікі гатовыя”, – гаварыла маці. Адзін з тых ручнікоў, падораны ёй на вяселле, я і зараз старанна захоўваю, каб не страціць сувязі з роднай зямлёй і бацькоўскім домам, каб заўсёды мець магчымасць вярнуцца ў сваё дзяцінства, наталіцца энергетыкай і цяплом, што ідзе ад саматканай тканіны, каб перадаць гэтую рэліквію сваёй дачцэ.

 

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ з архіва аўтаклуба Кобрынскай раённай клубнай сістэмы: убор лелікаўскай свахі –гісторыка-культурная спадчына.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"