Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

… І цэлае мора кветак!

Яны займаюць значныя пасады, развіваюць унікальныя ініцыятывы, кіруюць буйнейшымі прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, але ў той самы час застаюцца ласкавымі і пяшчотнымі чараўніцамі, дзякуючы якім нам, мужчынам, заўсёды хочацца хутчэй вяртацца дадому. Таму што яны – нашы любыя жанчыны, дзеля якіх мы гатовы практычна на ўсё. Пашыраная пасяджэнне прэзідыума Кобрынскага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” нядаўна прайшло на аграэкасядзібе “Палескія традыцыі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Раман Мельнік.

— Вельмі радасна, што акрамя выканання сваіх непасрэдных прафесіянальных абавязкаў многія жанчыны знаходзяць сілы, каб ажыццяўляць грамадскую дзейнасць, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – І нам, мужчынам, вельмі прыемна выказаць ім словы самай глыбокай павагі, і з задавальненнем адзначыць, што вельмі многія рэчы ў гэтым свеце яны робяць лепш за нас.

Як падкрэсліла старшыня Кобрынскага РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Лілія Страчук, сёлета адзначаецца дзесяцігоддзе конкурсу “Жанчына года”, і ўсе прысутныя атрымалі выдатную магчымасць пазнаёміцца з удзельніцамі конкурсу ад Кобрыншчыны. Дарэчы, у мінулым годзе, калі адзначалася 25-годдзе Беларускага саюза жанчын, Кобрынская раённая арганізацыя стала лепшай у Брэсцкай вобласці. Як справядліва адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, на Кобрыншчыне сёння сфарміраваўся выдатны жаночы актыў, які прымае ўдзел у мностве самых разнастайных мерапрыемстваў і падзей. Пасяджэнне адбылося напярэдадні 8 сакавіка. Свой уклад у святочны настрой унёс старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік, які падарыў удзельніцам пасяджэння семдзесят пяць жывых кветак.

— Дзякуючы жанчынам наша дзяржава развіваецца і жыве, — адзначыў Раман Васільевіч. – Яны дораць нам імпэт, каханне, і жыццёвую энергію, выхоўваюць дзяцей. Вельмі хочацца, каб кожны дзень нашых жанчын заўсёды пачынаўся і заканчваўся добрай і шчырай усмешкай, а побач з імі заўсёды былі сапраўдныя мужчыны, здольныя падтрымаць у любы момант.

Пасяджэнне прайшло ў добрай і шчырай атмасферы. Урачыстым акордам мерапрыемства стала ўзнагароджанне самых актыўных прадстаўніц раённага аддзялення БСЖ і святочны канцэрт.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: (справа налева) Раман Мельнік уручае кветкі намесніку старшыні абласной арганізацыі ГА “БСЖ” Ірыне Арабей, старшыні абласной арганізацыі ГА “БСЖ” Валянціне Пух і старшыні Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Ліліі Страчук.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"